Пуцін зрабіў памятным дзень прыняцця Крыма ў склад Расійскай імперыі

03.08.2018 / 19:37

Уладзімір Пуцін устанавіў 19 красавіка Днём прыняцця Крыма, Тамані і Кубані ў склад Расійскай імперыі ў 1783 годзе.

Фота: kremlin.ru.

19 красавіка (8 красавіка па старым стылі) 1783 года імператрыца Кацярына II падпісала маніфест «Аб прыняцці Крымскага паўвострава, вострава Тамань і ўсяе Кубанскай старонкі пад дзяржаву Расійскую». У тлумачальнай запісцы аўтараў сучаснага праекта прынятага закона адзначаецца, што прыняцце Крыма ў 18 стагоддзі адбылося «па просьбе яго жыхароў, якія пакутуюць ад войнаў». У законапраекце падкрэсліваецца, што крымскі «рэферэндум» 2014 года стаў працягам гісторыі прыналежнасці Крыму Расіі.

Крым быў анексаваны Расіяй 18 сакавіка 2014 года. У сувязі з гэтым Украіна, многія еўрапейскія краіны і ЗША ўвялі супраць Расіі санкцыі.