Амерыканцы першымі ў свеце змаглі дыстанцыйна пасадзіць самалёт на авіяносец

Агенцтва Flightglobal паведамляе, што ВМС ЗША паспяхова выпрабавалі сістэму дыстанцыйнай пасадкі самалёта на палубу авіяносца ATARI (Aircraft Terminal Approach Remote Inceptor).

03.04.2018 / 22:20

Афіцэр, які знаходзіўся на борце авіяносца USS Abraham Lincoln, падчас тэставання тэхналогіі ўзяў на сябе кіраванне знішчальнікам F/A-18E Super Hornet і паспяхова пасадзіў яго на палубу карабля.

Выпрабаванні праводзіліся на працягу двух дзён, у тым ліку ў рэжыме дотыку палубы з сыходам на другі круг: знішчальнік заходзіў на пасадку, кранаў палубу, а затым зноў узлятаў.

Падчас пасадкі на карабель у кабіне самалёта знаходзіўся пілот, які меўся прыняць кіраванне ў выпадку няштатнай сітуацыі. Распрацоўка ATARI вялася з 2016 года. Сістэма здольная кіраваць самалётам на адлегласці да васьмі кіламетраў.

nn.by