Творы Караткевіча у дзень яго народзінаў чыталі каля помнікаў у Віцебску, Оршы і ў Кіеве ФОТА

На 86-я ўгодкі Уладзіміра Караткевіча да помнікаў пісьменьніку ў Віцебску, Оршы і Кіеве прыйшлі прыхільнікі яго творчасці, паведамляе Радыё Свабода.

26.11.2016 / 21:03

Клясык беларускай літаратуры нарадзіўся 26 лістапада 1930 году ў Воршы. Зь Віцебскам яго зьвязвае найперш супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа — тут ставіліся п’есы па ягоных творах.

На кожныя ўгодкі людзі нясуць кветкі да ягонага помніку на вуліцы Чэхава ў Віцебску. Сёлета сабралася каля двух дзясяткаў чалавек.

Яны прынесьлі кветкі, адзін з актывістаў Хрыстафор Жаляпаў разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг. Прысутныя пачыталі вершы клясыка, прадстаўнік Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра знаёмства з Уладзімерам Караткевічам.

Хрыстафор Жаляпаў нясе сьцяг

Тацяна Севярынец і Іосіф Навумчык

Селета, дзякуючы ініцыятыве каардынатаркі па стварэньні партыі БХД Тацяны Севярынец, гарадзкая служба ЖКГ зрабіла тут рамонт: адрэстаўравалі прыступкі, што вядуць да манумэнту, і плітку вакол яго. Гэта трэба было зрабіць на знак павагі да пісьменьніка перад ягонымі ўгодкамі, кажа спадарыня Тацяна. А яшчэ й таму, што ў апошнія некалькі месяцаў гэты помнік стаў знакавым гарадзкім аб’ектам: тут зьбіраліся пратэстоўцы супраць будаўніцтва ў Віцебску копіі полацкага Сафійскага сабору.

***

Каля помніка у аршанскім дзіцячым парку прайшлі традыцыйныя літаратурныя чытаньні з удзелам сяброў літаратурнага аб’яднаньня «Дняпроўскія галасы».

***

Студэнцкія гады клясыка беларускай літаратуры прайшлі ва ўкраінскай сталіцы. Ён вучыўся ў Кіеўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі.