«Live! Живи!» — у цэнтры Масквы з'явіліся плакаты ў падтрымку Надзеі Саўчанка ФОТА

08.03.2016 / 12:48

На транспартным прыпынку на Садовым коле ў Маскве з'явіўся плакат з партрэтам народнага дэпутата Украіны Надзеі Саўчанка. На плакаце зроблены надпіс «Live! Живи!» на англійскай і рускай мовах.

Фатаграфію размясціла ў Фэйсбуку карыстальнік Вікторыя Іўлева. Для пацверджання было апублікавана і відэа, знятае на тым жа прыпынку.

Нагадаем, 4 сакавіка Надзея Саўчанка афіцыйна пацвердзіла пачатак «сухой» галадоўкі. Ва Украіне і свеце ў гэтыя дні праходзяць шматлікія акцыі ў падтрымку ўкраінкі.

Надзеі Саўчанка, выкрадзенай тэрарыстамі на тэрыторыі «ЛНР» і затым вывезенай на тэрыторыю Расіі, пракуратура РФ патрабуе прысудзіць да 23 гадоў калоніі па абвінавачанні ў нібыта датычнасці да забойства расійскіх журналістаў у 2014 годзе.