Лукашэнка прыляцеў у Сочы

15.09.2015 / 18:50

Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Расійскую Федэрацыю, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы возьме ўдзел у мерапрыемствах другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 17—18 верасня ў Сочы.

Аэрапорт Сочы. Фота: Ігар Якунін

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў форуму будзе міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне прамысловай вытворчасці, фарміраванне прампалітыкі з навукова-тэхналагічнага і інавацыйнага пунктаў гледжання, развіццё прамысловай кааперацыі. Плануецца таксама разгледзець пытанні аб'яднання фінансавага і маркетынгавага патэнцыялаў дзвюх дзяржаў, дыверсіфікацыі нацыянальных эканомік, стварэння новых вытворчасцяў, развіцця чалавечага капіталу.

Чакаецца, што ў пленарным пасяджэнні форуму будуць удзельнічаць больш за 350 прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай галін улады Беларусі і Расіі, рэгіёнаў, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў і бізнэс-супольнасцяў.