Беларускі баксёр Павел Кастрамін стаў срэбным прызёрам ЧЕ-2015 у вазе да 69 кг ФОТА

16.08.2015 / 10:52

Ураджэнец Жабінкі (Брэсцкая вобл.) Павел Кастрамін (вагавая катэгорыя да 69 кг) 15 жніўня заваяваў сярэбраную ўзнагароду ў заключнай сесіі спаборніцтваў на чэмпіянаце Еўропы-2015 па боксе ў балгарскім Самакаве (націск на першае «а»).

У фінальным баі Павел Кастрамін сустракаўся з літоўскім баксёрам Эймантасам Станіёнісам. Па выніках першых двух раўндаў літовец быў наперадзе, хоць беларус яму ні ў чым не саступаў. Суддзі абодва разы аддавалі перавагу Станіёнісу, верагодна, з прычыны медыцынскіх тайм-аўтаў, падчас якіх Кастраміну аказвалі дапамогу: у пераможнай паўфінальнай для Паўла сустрэчы швед Кларенс Гоерам рассек беларусу брыво.

У трэцім раўндзе крывацёк ўзмацніўся, і суддзі канчаткова спынілі паядынак і аддалі перамогу Станіёнісу.

Павел Кастрамін выступіць у кастрычніку на чэмпіянаце свету-2015 ў катарскай Досе, дзе будуць разыграныя ліцэнзіі на летнюю Алімпіяду-2016.