Рассельгаснагляд: Ужо знішчана амаль 600 тон прадуктаў

15.08.2015 / 21:15

Рассельгаснагляд апублікаваў звесткі аб аб'ёмах знішчаных санкцыйных прадуктаў.

«На сённяшні дзень затрымана і знішчана 550 тон расліннай харчовай прадукцыі. Затрыманая 321 тона харчовай прадукцыі жывёльнага паходжання, знішчана 47 тон», — гаворыцца ў паведамленні на сайце ведамства.

11 жніўня Рассельгаснагляд паведаміў пра знішчэнне 41 тоны - такім чынам вынішчалася больш чым па 200 тон у суткі.

Першым ідэю знішчаць забароненыя да ўвозу ў Расію прадукты выказаў міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў.

Указ аб знішчэнні прадуктаў, якія трапілі пад расійскае харчовае эмбарга, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў 29 ліпеня, 6 жніўня пачалося непасрэдна знішчэнне прадуктаў.

Гэтае рашэнне выклікала шырокі грамадскі рэзананс.