Украінскія памежнікі затрымалі «КамАЗ» з боепрыпасамі і кадравым ваенным РФ

26.07.2015 / 10:12

Каля 22.00 25 ліпеня супрацоўнікі Дзяржпагранслужбы на кантрольным посце «Бярозавае» (Данецкая вобласць) затрымалі «КамАЗ» з боепрыпасамі.

Пра гэта паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны.

Транспартным сродкам, які заехаў на кантрольны пост з тэрыторыі, часова непадкантрольнай Украіне, перасоўваліся дзве асобы ў вайсковай форме.

«Затрымаўшы машыну, памежнікі папярэдне высветлілі, што адзін з мужчын — кадравы ваенны ВС РФ у званні «маёр», а другі належыць да незаконных узброеных фарміраванняў. У «КамАЗе» праваахоўнікі знайшлі скрыні з вялікай колькасцю патронаў рознага калібру», — гаворыцца ў паведамленні.

На месца прыбылі супрацоўнікі СБУ, МУС і іншых структур для высвятлення ўсіх абставінаў. Праводзяцца фільтрацыйныя мерапрыемствы.