Сярэдняя зарплата ІТ-шнікаў вырасла да 31,4 млн рублёў

У некаторых іншых галінах сярэдняя зарплата застаецца на ўзроўні 4-5 млн на месяц.

24.03.2015 / 13:07

Нацыянальны статыстычны камітэт выдаў чарговую штомесячную справаздачу аб сярэдніх заробках у Беларусі.

Зарплата супрацоўнікаў, чыя дзейнасць звязаная з вылічальнай тэхнікай, у лютым падскочыла да 31,4 млн рублёў, альбо 2100 даляраў, на месяц.

Лютаўскія зарплаты ІТ-шнікаў у два разы вышэйшыя за бліжэйшых «канкурэнтаў» — адказных за дзейнасць паветранага транспарту.

У мінулым месяцы сярэдняя зарплата ў галіне складала 23 млн рублёў, альбо 1500 даляраў, на месяц. Як патлумачылі прадстаўнікі галіны сайту electroname.com, такі рэзкі скачок заробкаў на траціну звязаны з выплатамі гадавых бонусаў, што прыйшліся на люты.

З іншага боку, пасля крызісу снежня 2014 года ІТ-кампаніі Парка высокіх тэхналогій добраахвотна абяцалі не індэксаваць зарплаты супрацоўнікаў толькі ў снежні і студзені.

Сярэдняя зарплата па краіне ў лютым склала 6,129 млн рублёў, альбо 417,5 даляраў, на месяц.

У некаторых галінах сярэдні заробак складае 4-5 млн, застаюцца і прафесіі, дзе сярэдняя зарплата ніжэй за 4 млн.

Аляксандр Арсёнаў