Рассельгаснагляд «знайшоў бактэрыі» ў прадукцыі «Санта Брэмар»

Пад увагу расійскіх кантрольных органаў трапіла філе слабасалёнай сёмгі беларускай вытворчасці.

17.02.2015 / 10:07

Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расіі знайшла ўзбуджальніка небяспечнай харчовай інфекцыі — бактэрыі лістэрыі ў філе слабасалёнай сёмгі беларускай кампаніі «Санта Брэмар».

У сувязі з гэтым Рассельгаснагляд узмацніў лабараторны кантроль за пастаўкамі прадукцыі «Санта Брэмар» з 13 лютага 2015 года.

«Санта Брэмар» — адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў беларускай рыбнай прадукцыі ў Расію. Прадпрыемства было створанае ў 1998 годзе як сумесная беларуска-германская вытворчасць.

Раней ў лютым Рассельгаснагляд знайшоў лістэрыі ў рыбнай прадукцыі іншага беларускага прадпрыемства — «Чызмастэр».

У 2014 годзе Рассельгаснагляд меў прэтэнзіі да прадукцыі беларускіх вытворцаў мяса: у прыватнасці, у прадукцыі беларускіх мясакамбінатаў знаходзілі геном віруса чумы свіней. З гэтай нагоды расійскі бок уводзіў часовыя абмежаванні на ўвоз на сваю тэрыторыю беларускай мясной прадукцыі.