Амерыканцы паказалі першы ў свеце рэйлган — электрамагнітную гармату

06.02.2015 / 20:09

«Добрая зброя. Памятаю, выкарыстоўваў такую, калі гуляў у Quake», — напісаў сёння адзін з каментатараў пад артыкулам пра рэйлган, альбо рэйкавую гармату, прадэманстраваную на выставе ваенна-марскіх узбраенняў у Вашынгтоне.

Так можа выглядаць карабель, на якім будзе выпрабоўвацца рэйкавая пушка.

Амерыканскі флот пачаў эксперыменты са зброяй, назва якой дагэтуль гучыць фантастычна, яшчэ ў 2005 годзе. А на гэтым тыдні ўпершыню прадэманстраваў электрамагнітную гармату шырокай публіцы.

Рэйкавай яе клічуць з-за выкарыстання ў якасці асноўных элементаў 2 паралельных электродаў, падключаных да крыніцы магутнага сталага току. Электраправодны снарад знаходзіцца паміж гэтымі рэйкамі-электродамі і разганяецца пад дзеяннем магнітнага поля.

Такая гармата, зробленая брытанскай кампаніяй BAE Systems, адпраўляе 10 кг снарад у цэль з хуткасцю ў 6 разоў болей за хуткасць гуку і на адлегласці ў 180 міль можа прабіць стальную перашкоду таўшчынёй у 7,5 см. Такім чынам пакуль што плануецца выкарыстоўваць снарады без начыння — кінетычнай сілы ўдару хапае для знішчэння ўсіх магчымых цэлей.

Ролік, які паказвае, як страляе рэйкавая гармата.

Поспехі вучоных і інжынераў дазволілі зменшыць памеры і аб'ём спажыванай энергіі для ўстаноўкі, паведаміў афіцыйны сайт Офіса Ваенна-марскіх даследаванняў ВМФ ЗША onr.navy.mil.

Зараз яе выпрабоўваюць на зямлі, а ў 2016 годзе пачнуцца тэсты на моры.

Плануецца, што зброя такой хуткасці дапаможа пры абароне караблёў ад варожых самалётаў, ракет, і пры гэтым адзін стрэл будзе каштаваць у дзясяткі разоў меней, чым ракета.

Аляксандр Гелагаеў