Лазерная гармата вядзе агонь ВІДЭА 

02.02.2015 / 22:22

Амерыканская лазерная гармата LaWS знішчыла цэлі на вадзе і ў паветры падчас выпрабаванняў восенню мінулага году, сведчыць эфектнае відэа, якое апублікаваў афіцыйны сайт Ваенна-марскога флоту ЗША.

Лазерная гармата LaWS, фота i0.wp.com

На відэа бачна, як афіцэр, карыстаючыся пультам, які вельмі падобны на пульт для прыставачнай гульні, знішчае аб'ект на борце карабля-мішэні, а таксама збівае беспілотнік.

Пры гэтым вайскоўцы адзначаюць, што кошт 1 стрэла з лазернай гарматы — 59 амерыканскіх цэнтаў, то бок непараўнальна таннейшы за кошт нават самай таннай ракеты ці снарада. Адначасова моцныя аптычныя сістэмы лазернай сістэмы аказаліся карыснымі як тактычны сродак выведкі.

Гармата, асноўная задача якой — абарона бліжняй зоны карабля, была усталяваная на дэсантным караблі «Понс» (USS Ponce, LPD-15), які выкарыстоўваецца флотам як платформа для новых тэхналогій.

Згодна з афіцыйнай заявай, зброя прадэманстравала такую эфектыўнасць падчас выпрабаванняў, што камандзір карабля ўжо атрымаў дазвол на выкарыстанне лазера ў баявых сітуацыях.

Лазер магутнасцю ў 40 кілават і ўсе неабходныя сістэмы для навядзення гарматы былі распрацаваныя за $11 млн кампаніяй Kratos Defense & Security Solutions.

 Аляксандр Гелагаеў