Жыхар Гомеля учыніў разбой у дзвюх кавярнях

22.10.2014 / 19:26

Па падазрэнні ва ўчыненні разбою ў дзвюх кавярнях у Рэчыцкім раёне і Гомелі затрыманы 37-гадовы жыхар абласнога цэнтра. 

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, 21 кастрычніка прыблізна ў 19.00 наведвальнік прыдарожнай кавярні ў Рэчыцкім раёне, пагражаючы жанчыне-бармену пнеўматычным пісталетам, завалодаў грашовай выручкай і пачкам цыгарэт. Кошт выкрадзенага склаў прыблізна 1,2 млн рублёў. 

Пасля гэтага падазроны некаторы час хаваўся ў лясным масіве. Затым на спадарожным аўтамабілі даехаў да Гомеля, патэлефанаваў знаёмаму і прапанаваў яму выпіць у кавярні. 

Прыкладна а першай гадзіне ночы, калі прыяцель зламысніка і іншыя наведвальнікі пакінулі піцейную ўстанову, падазроны паспрабаваў паўтарыць сцэнарый папярэдняга разбою. Аднак работніца кавярні аказала нецвярозаму наведвальніку актыўнае супраціўленне і націснула кнопку трывожнай сігналізацыі, што дазволіла супрацоўнікам міліцыі ў кароткія тэрміны яго затрымаць. Пры асабістым аглядзе ў яго быў знойдзены і канфіскаваны пнеўматычны пісталет. 

Распачатая крымінальная справа.