Газманава хочуць у Літве абвясціць персонай нон-грата за песню «Я народжаны ў СССР»

13.12.2013 / 21:24

Літва зрэагавала на выкананне вядомым расійскім спеваком Алегам Газманавым песні ў Маскве, з нагоды 20-годдзя Канстытуцыі РФ.

Кансерватар Раса Юкнявічэне публічна запатрабавала не пускаць Газманава ў Літву, адмяніўшы канцэрт 29 снежня ў Вільні.

«Міністэрства замежных спраў Літвы павінна звярнуцца ў Дэпартамент міграцыі, каб гэтаму чалавеку забаранілі ўезд у Літву. Яго канцэрт у Вільні ў канцы снежня быў бы правакацыяй», — заявіла ў Facebook Юкнявічэне.

«Такі канцэрт не павінен адбыцца ў Літве, гэта было б правакацыяй — унясенне разладу паміж жыхарамі Літвы», - сказала экс-міністр абароны.

«Гэта не проста песня, выкананая ў Доме культуры дзесьці ў расійскай глыбінцы. Гэтая песня была выканана пасля гадавога паслання прэзідэнта. І ў Крамлі пры ўдзеле ўсёй палітычнай эліты РФ. Усе гучна апладзіравалі, падпявалі. Ведаючы ясны кірунак цяперашняй улады РФ, якая хоча аднавіць былую імперыю, у нас не павінна быць ніякіх ілюзій, песня — заяўка на гэта. Гэта не нова. гэта працяг гэтай палітыкі».