КДБ ўшанаваў памяць Дзяржынскага ў дзень яго нараджэння

Сёлета спаўняецца 136 гадоў з дня нараджэння заснавальніка савецкіх спецслужб.

11.09.2013 / 12:09

Невялікая ўрачыстая цырымонія прайшла раніцай 11 верасня ў скверы Дзяржынскага, на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Камсамольскай.

Да помніка Жалезнаму Феліксу ўсклалі вянкі і кветкі прадстаўнікі КДБ і Памежнага камітэта.

Фелікс Дзяржынскі нарадзіўся 30 жніўня (11 верасня паводле новага стылю) 1877 года ў маёнтку Дзяржынава на Івянеччыне, за 60 км ад Мінска. З 1887 па 1895 год вучыўся ў адной гімназіі з будучым начальнікам польскай дзяржавы, легендарным Юзэфам Пілсудскім, там жа захапіўся сацыялістычнымі ідэямі.

Аднак, у адрозненне ад Пілсудскага, скіраваў сваю актыўнасць не ў польскі, а ў савецкі бок. Шматразова арыштоўваўся расійскімі ўладамі, праз што здабыў адпаведную папулярнасць у шэрагах бальшавікоў.

Пасля рэвалюцыі Дзяржынскаму даручылі стварыць «асаблівую камісію для высвятлення магчымасцяў барацьбы з забастоўкамі шляхам самых энергічных рэвалюцыйных мераў». У выніку паспяховай дзейнасці гэтая структура ператварылася спачатку ў УЧК, затым у ГПУ. Памёр Фелікс Дзяржынскі 20 чэрвеня 1926 года ў Маскве ад сардэчнага прыступа.