Беларускі мужчынскі спеў у Варшаве

20 чэрвеня. Варшава, Палац культуры і навукі. 18.00.

18.06.2013 / 15:26

Беларуская Нацыянальная Памяць ладзіць у Варшаве музычна-паэтычную вечарыну Рамана Яраша і Цімоха Авіліна.

Падчас вечарыны адбудзецца прэзентацыя дыска «Беларускі гарадскі раманс 20-30-х гадоў ХХ ст.». Можна будзе пачуць беларускі народны мужчынскі спеў, творы на вершы Уладзіміра Караткевіча, Чэслава Мілаша, Макса Шчура. Адбудзецца таксама… экскурсія па зорным небе і высвятленне, «дзе і хто нашыя зоркі». Арганізатары вечарыны абяцаюць даць адказы на пытанні ці былі ў беларусаў свае «блатныя» песні, хто такія лабары і чым адрозніваецца грузінскі мужчынскі хор ад беларускага.

Імпрэза пройдзе 20 чэрвеня, а 18-й гадзіне па адрасе: Collegium Civitas, зала 1222, Палац Культуры і Навукі (PKiN), 12 паверх, pl. Defilad 1, Warszawa.

(Уваход з боку вуліцы Маршалкоўскай).

АМ