Дырэктар прадпрыемства ў калоніі № 5 у Брэсцкай вобласці падазраецца ў атрыманні хабару

29.05.2013 / 18:46

Следчым камітэтам Беларусі распачата справа на падставе арт. 430 КК (атрыманне хабару) у дачыненні да дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства папраўчай установы № 5 упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Брэсцкай вобласці. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Павел Траулька.

Справа распачата на падставе матэрыялаў галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС.

Паводле слоў Траулькі, згодна з атрыманымі звесткамі, падпалкоўнік унутранай службы заключыў кантракт на пастаўку прадукцыі РУВП замежнаму прадпрыемству і арганізаваў яго выкананне. За паспяховую рэалізацыю кантракта ён прыняў ад кіраўніка камерцыйнай структуры грашовыя сродкі ў асабліва буйным памеры. Сума зараз устанаўліваецца.

У дачыненні да падазронага абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.