84-гадовая бабуля з катамі і сабакамі жыве на гарышчы затопленай хаты

29.04.2013 / 19:11

У Гомелі ў Рачным завулку ўжо тыдзень жыве на гарышчы старэнькай хаціны 84-гадовая пэнсіянэрка Лідзія Жарына. Тут яна ратуецца з катамі й сабакамі ад вялікай паводкі, якая заліла звыш сотні прыватных дамоў у мікрараёне Манастырок.

Жыцьцёвая прастора хворай на ногі пэнсіянэркі Лідзіі Жарынай абмежавана цяпер нізкім гарышчам, дзе на пяску ляжыць матрасік, каб паспаць і адпачыць, і дахам прыбудоўкі — на паўтара дзясятка квадратных мэтраў. Такі імправізаваны балькон без аніякай агароджы. Вакол — дамы ў глыбокай вадзе.

Бабуля Ліда паведаміла, што пэнсію яна атрымае 9 траўня, а сусед Міхась — толькі 11-га. А грошы ўжо скончыліся. Апрача таго, у Міхася няма пашпарта — яго забраў сусед за тое, што пэнсіянэр лодкай выпадкова зрабіў драпіну на плоце з мэталічнага профілю. За шкоду сусед патрабуе мільён.