Высокі чын: На футбольным стадыёне трэба ўсіх надгледзець. А калі нейкі адмарозак ўсё падарве?

Вы згодныя з гэтым? А як у іншых краях?

28.03.2013 / 23:39

Намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Максім Грышчанка мяркуе, што дагляд на стадыёнах Беларусі — абавязковая працэдура.

«Мяне на стадыёне павінны дагледзець.

Выбачайце, што значыць тое, што мяне на стадыёне надгледзелі. Мяне зняважылі? Ды не зняважылі!
Гэта працэдура звычайная, для бяспекі. Добра, мы можам не рабіць надгляд. А калі прыйдзе, прабачце, адмарозак і падарве усё, і паляціць паўстадыёна. Што тады будуць казаць? Як будзем ставіцца?
Зноў жа ідуць некалькі чалавек і возьмуць з сабой кастэты, нажы і дастануць і пачнуць рэзаць на стадыёне адзін аднаго. І што тады?

На „Мінск-Арэне“ іншая сітуацыя. Людзі ідуць нармальна, з добрым настроем. І не настройваюць сябе, што мяне зняважаць пры надглядзе», — заявіў Грышчанка ў ходзе семінара Беларускай федэрацыі футбола па пытаннях бяспекі на стадыёнах, Goals.by.

Пытанне пільнага, а часам зняважлівага стаўлення міліцыі да заўзятараў на стадыёнах неаднаразова ўздымалася на інтэрнэт-форумах, у заўзятарскім асяроддзі і журналістамі.

Так, у сераду з’явіўся адкрыты ліст заўзятараў футбольнага клуба «Дынама-Брэст», абураных стаўленнем мінскага АМОНа падчас чвэрцьфінальнага матчу на Кубак Беларусі, што прайшоў у Мінску 17 сакавіка.

Абурыўся сёння на семінары стаўленнем міліцыі да заўзятараў і першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар’ян:

«Я магу на сваім горкім вопыце сказаць, што калі я іду праз звычайны ўваход на стадыён, то мяне сустракаюць непрыемным пытаннем: „Куды ідзеш?“. Прычым гэта прамаўляецца такім тонам, як быццам я злачынец.
Мне незразумела, гэта таксама ідзе правакацыя з боку органаў?».

nn.by