Чаканая працягласць жыцця ў Беларусі ўзрасла да 72,2 года

Гэта найлепшы вынік з пачатку незалежнасці.

28.03.2013 / 19:30

У 2012 годзе чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні ў Беларусі ўзрасла на 1,6 года да 72,2 года,
паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі паслуг і дэмаграфічнай статыстыкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Ірына Шастакова.

«Гэта самы высокі ўзровень гэтага паказчыка больш як за 20 гадоў.

Апошнім разам паказчык чаканай працягласці жыцця, які перавышае 72 гады, быў зафіксаваны ў 1985 годзе», —
зазначыла Шастакова.

Паводле яе слоў, у Беларусі назіраецца высокая розніца ў працягласці жыцця ў мужчын і жанчын. У 2012 годзе гэтая розніца склала 11 гадоў. Чаканая працягласць жыцця беларускіх мужчын — 66,6 года, жанчын — 77,6 года. «Верагоднасць памерці ў мужчын ва ўсіх узростах вышэйшая, чым у жанчын, але асабліва вялікая гэтая розніца ў працаздольным узросце», — зазначыла прадстаўнік Белстата.