Сацыяльная перадышка стала даступная сем'ям у Гомельскай вобласці

Сацыяльная перадышка стала даступная ў Гомельскай вобласці сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

22.02.2013 / 12:11

Атрымаць такую паслугу ў рэгіёне можна бясплатна, паведаміла прадстаўнік Беларускага дзіцячага хоспіса Ірына Байдакова.

У Гомельскай вобласці гэты пілотны праект рэалізуецца на базе Бабіцкай дапаможнай школы-інтэрната Рэчыцкага раёна. Менавіта тут так званую сацыяльную перадышку могуць атрымаць сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця ва ўзросце 7- 18 гадоў, якія маюць патрэбу ў доглядзе і здольныя перасоўвацца самастойна.

Паслуга заключаецца ў часовым кругласутачным знаходжанні дзіцяці ў гэтай установе, дзе яно ўключаецца ў адукацыйны працэс школы, а таксама ў забаўляльныя мерапрыемствы: творчую і гульнявую дзейнасць, праграмы рэабілітацыі. Тэрмін знаходжання ў праграме «Сацыяльная перадышка» складае 28 дзён на год.

Ірына Байдакова ўдакладніла, што Бабіцкая дапаможная школа-інтэрнат — дзяржаўная ўстанова, у якой пражываюць і навучаюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Ва ўстанове працуюць дасведчаныя настаўнікі, выхавальнікі, педагогі дадатковай адукацыі, псіхолагі. Навучанне дзяцей праводзіцца па праграме I і II аддзялення дапаможнай школы. Ёсць добрыя ўмовы для адпачынку і рэабілітацыі у невучэбны час. Тут функцыянуюць 10 гурткоў, сталярныя і швейныя майстэрні, музей «Беларуская хатка». Папулярнасцю сярод выхаванцаў карыстаецца ваенна-гістарычнае мадэляванне — выраб сапраўдных рыцарскіх даспехаў. На кожным паверсе ёсць утульныя холы і пакоі для сумесных гульняў і заняткаў.

Ірына Байдакова дадала, што праект рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва і Міністэрства адукацыі Беларусі, а таксама замежных партнёраў. Год таму паслуга сацыяльнай перадышкі была ўкаранёная ў Мінску. Пачынаючы з гэтага года яна таксама прадстаўляецца ў Гомельскай і Мінскай абласцях. Асноўная мэта праекта — даць бацькам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, магчымасць кароткага адпачынку.