Кулідкі з печы: як пячэцца хатні хлеб

У Любанскім раёне кабеты арганізавалі «Дом хлеба».

13.01.2013 / 10:21

Пані Ірына не трымае закваску, а проста залівае аржаную муку кіслым малаком і пакідае на 12 гадзін.

Лісця назбіралі з восені, каб на ім выпякаць хлеб.

У закваску дадаецца пшанічная мука і соль, замешваецца цеста.

Хлеб пяклі толькі ў чыстай хаце.

Фота з унікальнай гісторыяй, якое з'ездзіла ў Амерыку.

Хлеб будзе выпякацца на патэльнях, бо чэрань няроўная.

Калі рукамі фармуецца бохан, цеста зверху нібыта нацягваецца.

Пасля боханы трэба "пасадзіць" у печ.

Праз хвілін дваццаць хлеб змочваецца вадой, каб скарынка была крамяная.

У вёску Жораўка (Любанскі раён) мы прыехалі пакаштаваць хлеба, які выпякае пані Ірына Жудрык — дырэктарка мясцовага Дома культуры. У 2008 годзе яна арганізавала аматарскае аб’яднанне «Кулідка» (кулідка — гэта тое, што і бохан).

«Дом хлеба» (як называюць яго мясцовыя жыхары) месціцца ў звычайнай вясковай хаце, дзе жанчыны рэгулярна выпякаюць хлеб так, як іх навучылі ў свой час матулі.

— Хлеб я пачала пячы даўно, яшчэ дзяўчынкай. І не выходзіла спачатку, і плакала, і цяжка было (бо цеста ж замешвала на ўсю сям’ю), але ж мусіла маме дапамагаць. Цяпер, праз шмат гадоў, ужо сама вярнулася да гэтай справы, — распавядае пані Ірына.

Калі мы прыехалі, печ была распаленая і рошчына ўжо заквашаная.
Пані Ірына расказала, якім чынам рашчыняла хлеб: яна не трымае закваску, а проста залівае аржаную муку кіслым малаком і пакідае на 12 гадзін. Далей робіць цеста: дадае пшанічнай мукі, солі і замешвае. Гадзіны тры цеста будзе ферментавацца. Тым часам мы можам агледзецца і пагаманіць з гаспадыняй.
На сцяне вісяць павялічаныя старыя фотаздымкі.
Адзін з іх вельмі адметны. На ім сям’я з дзецьмі,
самы малодшы хлопчык — гэта дзед апошняй гаспадыні хаты, Іван Пыж. У пачатку ХХ стагоддзя ён паехаў у Амерыку на заробкі, узяўшы з сабою здымак сваёй сям’і і плеценую з лазы валізу. А вяртаўся назад з той самай валізай, у якой ляжаў здымак, павялічаны і аздоблены прыгожай рамай.
Той самы, што вісіць цяпер на сцяне перад намі. А валіза таксама захоўваецца — у музеі ў Любані.

Па хаце расстаўленыя цікавыя артэфакты: вялізны куфар, старыя ложкі, стол і дзве даўжэзныя лавы, насупраць печы — шыкоўны даўні суднік. Каля печы ціха чакае кухоннае начынне, хлебная лапата ў тым ліку. На печы вісіць вянок. Кабета тлумачыць:

— Увосень назбіралі дубовага і кляновага лісця, каб падкладаць пад кулідкі, пакуль яны выпякаюцца.

Пані Ірына запрашае да стала і трактуе нас свойскім маслам і салёным сырам. Наш хлеб, што мы прывезлі з сабою, быў у гэтай кампазіцыі надзвычай дарэчы. Пакуль трушчым гэтую смакату, распытваем, як выпякалі хлеб раней, пра стаўленне да яго.

— Зазвычай мама рашчыняла хлеб у суботу звечару, ніколі не рабіла гэта ў непрыбранай хаце — каб не абразіць хлеб.
Таму папярэдне ўсё чыста вымывала і прыбірала, вымывалася сама. Толькі потым бралася за хлеб: рашчыняла на ноч, назаўтра зранку замешвала цеста і ўдзень выпякала.
Пакуль цеста падыходзіла, дзецям належала паводзіць сябе прыстойна, бо хлеб любіць цішыню і спакой.
Надзвычай важнай была дзея, калі хлеб саджалі ў печ. Гаспадыня вельмі не любіла, як якая-небудзь суседка прыходзіла і хату менавіта ў гэты час: лічылі, што яна забірае з сям’і дабрабыт. Раней жа ў кожнай хаце хлеб выпякалі.
І кожная гаспадыня была перакананая, што ейны хлеб — найлепшы. Таму пазычаць яго не любілі, казалі, маўляў, «яна [суседка] ж мне такога не верне».
Потым з’явіўся хлеб крамны і гэта была вялікая палёгка — можна было болей не выпякаць яго самастойна. Але па некаторым часе шмат хто ад крамнага хлебу адмовіўся.

Нас цікавіць пытанне: што дадавалі даўней у хлеб?

— Выпякалі хлеб з кменам, а таксама з мацярдушкай. Асабліва смачны быў хлеб з сушанымі чарніцамі!

А ці ўдзельнічаў хлеб у святочных абрадах?

— На Каляды, напрыклад, была завяздёнка: калі на небе поўня, на ноч на падваконне, пад месячнае святло, клалі адмысловую булачку. Яна выпякалася такім чынам: перад тым, як пасадзіць у печ бохан хлеба, на ім пальцам крэмзалі крыжык, потым гэты крыжык на невялікім кавалку цеста здымалі з бохана і выпякалі асобна. Назаўтра гэтую булачку дзялілі паміж усімі сямейнікамі, давалі жывёле — на здароўе і спор.

Пакуль мы гаманілі, цеста саспела і ў печы дагарэлі дровы. Гаспадыня адгортвае жар з чарэні і ставіць на яго патэльні, каб прагрэць. Печ вельмі старая і чарэнь ужо няроўная, таму кулідкі выпякаюцца на патэльнях.

Мокрымі рукамі кабета набірае ў далоні цеста і пачынае фармаваць булку. Бохан адрозніваецца ад камяка цеста тым, што яго верхняя паверхня нацягваецца, дзеля гэтага цеста нібыта падтыкаецца знізу.
Далей гаспадыня кладзе яго на патэльню і ставіць у печ. Калі ўсе кулідкі сфармаваныя і размешчаныя ў печы, яна закрываецца засланкай. Праз хвілін дваццаць кулідкі трэба дастаць і змачыць вадой — каб верхняя скарынка была крамяная. Пасля гэтага хлеб будзе дапякацца яшчэ каля гадзіны. Гаспадыня смяецца:

— Суседзі любяць, калі я пяку тут хлеб: кажуць, цяжка хату абмінуць — такі водар стаіць! Часта заходзяць, каб хаця пакаштаваць хатняга хлеба.

Кабета распавяла пра ідэі развіцця праекту: яна плануе стварыць музей, дзе можна будзе ўбачыць шлях ад зерня да хлеба. Але хата старая і патрабуе сур’ёзнага рамонту, таму ўсе экспанаты пакуль захоўваюцца на гарышчы. Але пані Ірына не губляе энтузіязму і, пакуль мы збіраемся ад’язджаць, рашчыняе хлеб на заўтра.