Названы самы шматмоўны горад Еўропы

18.12.2012 / 16:53

Брытанскі Манчэстэр прызнаны самым шматнацыянальным горадам Еўропы, бо яго жыхары размаўляюць на 153 мовах.

У Лондане карыстаюцца 300 мовамі, але гэта тлумачыцца размяшчэннем там пасольстваў многіх краін, адзначыў аўтар даследавання, прафесар Яран Матрас.

Што тычыцца Манчэстэра, то зараз агульная колькасць яго жыхароў складае паўмільёна чалавек, і з пункту гледжання культурнай разнастайнасці ён можа параўнацца з Нью-Ёркам і Парыжам.

Як паведамляе Euromag, дзве траціны школьнікаў горада гаворыць на дзвюх мовах — англійскай і сваёй роднай.
Сярод гэтых замежных моваў сустракаюцца дзесяткі індыйскіх дыялектаў, мовы народаў Заходняй Афрыкі, курдская, ромская, уйгурская і нават науатль — мова старажытных ацтэкаў Мексікі.

Большасць замежнікаў гаворыць на роднай мове дома, але выкарыстоўваюць англійскую на працы ці вучобе.