Аляксандр Лукашэнка. Фота: Contributor / Getty Images

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Contributor / Getty Images

— 25 лютага пасля галасавання на выбарчым участку ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пойдзе на наступныя прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе. Працытую: «Перадайце ім, што пайду! І чым больш складаная будзе абстаноўка, чым яны будуць больш напружваць вас, мяне і грамадства, тым хутчэй я пайду на гэтыя выбары». Праўдападобна, гэта магла быць і рэакцыя на прагноз Сяргея Чалага, што Лукашэнка больш не будзе ўдзельнічаць у электаральных кампаніях, а будзе кіраўніком так званага Ўсебеларускага народнага сходу. Як вам падаецца, ці сапраўды гэта была рэакцыя на заяву Чалага пра тое, што ён не адышоў ад траўмы 2020 году, ці іншыя чыннікі тут былі?

— Вельмі чаканая з'ява. Не бачна ніякіх прыкмет падрыхтоўкі да перадачы ўлады. Няма ніякай істотнай рэформы палітычнай сістэмы, калі мы гаворым не пра канстытуцыйнае афармленне, а пра сутнасць, пра тое, як і кім прымаюцца рашэнні. Гэтага трэба было чакаць.

Нейкія спадзевы, можа, у 2021 годзе былі. Але з пачаткам вайны ніхто сур’ёзна варыянт транзіту не разглядае. Зараз Лукашэнка знайшоў дадатковыя аргументы, каб казаць людзям у Беларусі, чаму ён усё ж будзе заставацца.

Вінаваты не толькі Захад, і гэта не толькі яго жаданне, але ёсць і такая злосная беларуская апазіцыя, якая спрабуе падарваць сітуацыю, і толькі ён можа гарантаваць стабільнасць і выжыванне краіны.

— За амаль 30 гадоў Лукашэнкі на чале Беларусі вядома, што словам Лукашэнкі не варта верыць, ён можа сам сябе абвяргаць і казаць супярэчлівыя рэчы ў адным выступе. Ці варта ўсё ж гэтую заяву пра фактычна пачатак кампаніі да прэзідэнцкіх выбараў успрымаць сур’ёзна?

— Думаю, што так. Мы не бачым ніякіх прыкметаў падрыхтоўкі да транзіту. Сама ж ідэя транзіту агучвалася дастаткова часта нават афіцыйнымі ці каляафіцыйнымі аналітыкамі і экспертамі ў 2021 годзе. Апошнія гады гэтага няма… Гэта звязана і з тым, што сам Аляксандр Лукашэнка адчувае сябе больш упэўненым. Яму няма куды падзецца. Ён нічога, як сам прызнаваўся, рабіць не ўмее, як толькі кіраваць…

— Калі разглядаць цяперашні адзіны дзень галасавання, ці можна сказаць, што гэта была пэўная рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца налета?

— Я б сказаў, што гэта адпрацоўка новага фармату. Фармат ранейшых выбараў, у тым ліку выбараў 2020 году, уключаў тое, што ёсць бачнасць выбараў. Змяншаўся ўзровень рэпрэсій, давалася нейкая свабода для агітацыі, распаўсюду інфармацыі. Нават назіральнікі маглі прыязджаць. Вядома, былі фальсіфікацыі, злоўжыванні, але задача была зрабіць атмасферу ўсё ж больш свабоднай, каб мець большую легітымнасць. Цяпер такой задачы не ставіцца. Адпрацоўваецца працэдура, якая выключна фармальная. Усе разумелі, што няма ніякіх спадзеваў спрабаваць нешта тут змяніць.

Упершыню гэтая працэдура была адпрацаваная ў 2022 годзе на рэфэрэндуме, цяпер проста паўтораная. Новы фармат выбараў, калі ўжо фактычна выбары цалкам адмененыя. Гэта проста адміністратыўная працэдура, якую трэба рабіць, таму што прапісана ў Канстытуцыі. Але ніякага фліртавання з апанентамі, з нейкімі правамі і дэмакратычнымі працэдурамі, не адбываецца. Фармат афармляўся з 2022 года, 2024 год дадае новых уласцівасцяў. Думаю, што такім жа чынам будуць праводзіць і ў 2025 годзе.

— Як вы мяркуеце, ці можа ён вызваліць хаця б частку палітвязняў да выбараў 2025 году? Ці можа адбыцца хоць нейкае змякчэнне рэжыму?

— Гэта, на жаль, залежыць больш ад знешнепалітычнай канʼюнктуры, чым ад унутрыпалітычнай. Думаю, што вызваленне палітвязняў будзе залежаць ад таго, наколькі будзе неабходнасць усталёўваць стасункі з Захадам. Пакуль Расея гатовая інвеставаць бясконцую колькасць фінансаў і іншых рэсурсаў у Беларусь, у адзінага саюзніка, напэўна, цалкам гэтае пытанне можна здымаць.

Няма нейкай жыццёвай неабходнасці паляпшаць стасункі з Захадам. Калі сітуацыя зменіцца, рэсурсаў стане менш, зменіцца сітуацыя на франтах ва Украіне, то будуць адкрывацца вокны магчымасцяў. Я, прынамсі, не бачу іншых механізмаў, па якіх магло адбывацца нешта іншае.

Калі мы паглядзім на гісторыю Беларусі апошніх 30 гадоў, менавіта знешнепалітычны фактар быў адзіным фактарам, які мог, прынамсі, змяншаць узровень рэпрэсій, вызваляць палітвязняў… не бачна ніякіх іншых стымулаў для дзейнай улады, каб гэта адбывалася.

— Тое, як улады будуць праводзіць выбарчую кампанію, больш-менш зразумела. Што могуць рабіць у такіх умовах дэмакратычныя сілы? Заклікаць ігнараваць выбары, як было цяпер? Спрабаваць нешта зрабіць? Для людзей у Беларусі ўдзел будзе азначаць турму. Ці ёсць хаця б якія магчымасці для ўдзелу ў выбарчай кампаніі на прэзідэнцкіх выбарах для дэмакратычных сілаў унутры Беларусі?

— Пры захаванні бягучых тэндэнцый — не думаю, што ўдзел будзе. Зараз мы бачым, што стратэгія ўзятая на тое, каб не рэгістраваць усіх, хто нават проста зʼяўляецца нейкім падазроным, нейтральным, не звязаным з дзейнай уладай. Тое самае можна рабіць на прэзідэнцкіх выбарах. Сама схема адпрацаваная. Калі не зменіцца кантэкст, не пачнуцца нейкія істотныя змены, звязаныя са знешняй палітыкай, то асноўны фокус апазіцыі, дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці павінен быць накіраваны на інфармацыйную працу і проста на данясенне абʼектыўнай інфармацыі пра тое, чым зʼяўляецца гэтая працэдура. Гэта выканальны і рацыянальны прыярытэт для грамадска-палітычнай працы ў бягучых абставінах.

Чытайце таксама:

Лукашэнка заявіў, што будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года

Лукашэнка: Цяперашнюю ўладу падтрымліваюць больш за 87% насельніцтва

Чалы: Лукашэнка не будзе балатавацца на наступных выбарах

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
6