«Я думаў, што ніколі не буду будаваць дом сам»

Муж і жонка разам ужо 34 гады, у іх трое дзяцей і двое ўнукаў. Яны сустракаюць журналістаў у прасторным доме, які самі будавалі цягам 10 гадоў.

«Мая жонка прыехала ў Гродна з Адэсы як малады спецыяліст. Пасля вяселля мы нейкі час жылі з бацькамі. Гэта было не вельмі добрай ідэяй, — з усмешкай успамінае Алег. — Жонка стаяла на чарзе — і мы даволі хутка атрымалі ўласную кватэру. Тады ў нас ужо было трое дзяцей, яшчэ мы забралі цешчу. Зноў сталі ў чаргу, на гэты раз на пашырэнне жылплошчы — і пабудавалі кватэру ўжо большую».

Кватэра яшчэ не была гатовая, а ў пары ўжо з'явілася ідэя будаваць свой дом. Муж і жонка шукалі гатовыя варыянты.

«Я бачыў, як будаваліся мае стрыечныя браты, і думаў, што сам будавацца не буду ніколі, — тлумачыць Алег. — Аднак мы знайшлі гэты ўчастак плошчай 17 сотак — і неяк адразу зразумелі, што ён наш».

«Нам проста захацелася быць тут. І цяпер мне вельмі падабаецца наш участак — мы пабудавалі дом, на вялікай прыдарожнай паласе я высадзіла ялінкі, яны хутка выраслі і ўпрыгожылі гэтае месца», — дапаўняе Надзея.

«Люблю, каб усё было прыгожа»

Сям'я Шатровых пачала будаваць дом у 2005 годзе — і скончыла ў 2015-м.

«Муж усё рабіў сам, з нуля — і кладку, і дах, і ўнутранае аздабленне. Тынкаваў і шпакляваў сцены, укладваў плітку, хоць раней ніколі гэтага не рабіў», — кажа Надзея.

«Яшчэ будучы падлеткам, я глядзеў, як тата будуе лецішча. Потым, калі мы толькі пажаніліся, будаваў царкву, у якой мой тата быў пастарам. Там, дарэчы, сапраўдных рабочых не было, толькі пенсіянеры і дзеці, — усміхаецца Алег. — Таму, з аднаго боку, я баяўся пачынаць будоўлю, а з другога боку, разумеў, што ўсё рэальна».

«А я і не ведала, што ты баяўся», — смяецца Надзея.

Дом будавалі з блокаў. Спецыялістаў наймалі ўсяго некалькі разоў — для працы са сценамі і ўстаноўкі ацяпляльнай сістэмы. Астатнія работы рабілі сваімі рукамі. Практычна ўсімі рашэннямі сужонцы задаволеныя:

«Праўда, цяпер я б зрабіў больш высокім другі паверх. Тады ашчадзіў, не паклаў два рады блокаў. Думаў, хопіць. Вядома, было б лепш зрабіць сцены вышэйшымі.

Выбралі не вельмі якасныя вокны. Цяпер іх замена будзе праблемай, таму проста жывем з гэтым. Яшчэ не зусім зручна тое, што мы аддзялілі гасцёўню ад кухні», — тлумачыць Алег.

Сям'і дапамагалі сябры — усё ж такі Алег вырас у кватэры і не мог ведаць усіх нюансаў. Некаторыя падказкі дапамаглі выправіць памылкі ў працэсе.

І, вядома, будоўля была цікавая дзецям. Будучы на той момант падлеткамі, яны з задавальненнем варочалі рыдлёўкамі і дапамагалі заліваць растворы. Суседзі, якія прывыклі наймаць брыгады рабочых, дзівіліся самастойнай сям'і.

Дызайн і дэкор заставаліся за Надзеяй. Загадзя прадуманага плана ў гаспадыні не было. Некаторыя рэчы яна проста заўважала — і купляла:

«Напрыклад, была ў Варшаве, убачыла ў краме люстру і зразумела, што яна нам патрэбная. Люблю, каб усё было прыгожа — і хай на гэта не асабліва хапае часу, я імкнуся да гэтага».

Сям'я заўсёды ўпрыгожвае дом перад Калядамі. Яловыя лапкі з гірляндамі, кампазіцыі з шышкамі і ягадамі, па-майстэрску зроблены Дзед Мароз з пышнай барадой.

Пакуль госці разглядаюць дэкор, гаспадары запрашаюць за стол — пакаштававаць сыры розных гатункаў.

«Цяпер у нас каля 50 прапрацаваных рэцэптур сыру»

Сыраробства — гэта новы этап у жыцці герояў матэрыялу.

«Я лічу, што на шляху кожнага чалавека ёсць уздымы і падзенні. Гэта не сорамна і не страшна, — кажа Надзея. — Раней я працавала па найме, была кіраўніком. Потым мы з мужам вырашылі адкрыць сваю кавярню. Дзеці тады былі ўжо дарослымі.

І так супала, што пры працы па найме ў мяне ўсё атрымлівалася, а вось свой бізнэс не пайшоў. Мы ўзялі вялікі крэдыт на развіццё — і збанкрутавалі. За тры дні трэба было вызваліць памяшканне».

Доўга і шмат плакалі, не ведалі, як аддаваць крэдыт. Але бацькоў падтрымалі дзеці:

«Нашы дзеці разумнікі, яны вельмі талковыя. Я даверылася ім — і мне прыйшла да галавы ідэя гадаваць жывёлу і варыць сыры. Да 5-й гадзіны раніцы я сядзела і вывучала тэму».

Алег не разумеў, як прызвычаеная да манікюру і педыкюру Надзея будзе даіць коз. Але паступова яны пачалі сваю справу, стварылі інстаграм-акаўнт для прасоўвання. Варылі адыгейскі сыр, потым апрабавалі рэцэпт камамберу — ён адразу атрымаўся смачным.

Купілі барана, да Каляд дзеці падарылі дзвюх авечак. Спачатку жывёл спрабавалі трымаць на гарадскім участку, але гэта было не вельмі зручна. Таму паўтара года таму пачалася гісторыя сямейнай фермы — яна размешчаная недалёка ад Гродна, у вёсцы Дуброва. Тут, у атачэнні чыстай прыроды, жывуць каровы, козы і авечкі. Яны пасвяцца на полі, побач з лесам.

«Мы паціху робім хлявы для іх, уладкоўваем тэрыторыю, паляпшаем умовы. Будуем невялікі гаспадарчы дамок. Атрымліваем якаснае, карыснае малако — і варым смачныя сыры».

З загону выходзіць пярэсты статак авечак і козачак. Аднолькавых няма — у кожнай свой адценне і свой характар.

Нядаўна на ферме нарадзілася малая — цялушачка. Яе назвалі Дакотай. Здаецца, яна зусім ручная — паварочваецца сваім ружовым носікам і падстаўляе шыю, каб яе пагладзілі.

Недалёка ад яе — пярэстая котачка, якая заўсёды ходзіць з гаспадарамі на дойку папіць малака.

«У нас не было досведу — не ведаю, на жаль ці на шчасце. Выручыла тое, што мы шмат падарожнічалі, спрабавалі розныя сыры. Навучаюся я, у асноўным, на ютубе. Аднойчы ездзіла і на курсы, але шмат ведаў адтуль не прывезла. Цяпер у нас каля 50 самастойна прапрацаваных рэцэптур — і свая фермерская крама ў Гродне».

На вітрыне ў краме CHEESE & BACON — рыкота, адыгейскі, сыр з бела-блакітнай цвіллю, камамбер з труфелем. Тут не проста прадаюць сыр — тут прадаюць сапраўдныя гастранамічныя ўражанні, зробленыя з любоўю.

«Часам, калі мы вельмі стамляемся і не хапае вольнага часу, мы шкадуем, што пачалі ўсё гэта. Але варта паабдымацца з нашымі жывёламі — і настрой падымаецца. Жывём, працуем — і закохваемся адзін у аднаго ўсё больш і больш», — дзеляцца сужонцы сакрэтам шчасця.

Чытайце таксама:

«Цяпер хаджу на працу з задавальненнем». Беларусы падзяліліся досведам, як мянялі прафесію пасля 40 гадоў

«Паўтарыць у нас смак сыру, зваранага ў Італіі, — з галіны фантастыкі». Баранавіцкі сыравар расказаў, што самае цяжкае ў гэтым бізнэсе

Пераехалі з Аўстрыі ў Беларусь, каб адкрыць казіную ферму

«Глазураваныя сыркі пачалі рабіць на просьбу землякоў». Як беларусы з сабакамі і коньмі пераехалі ў Польшчу і вараць там сыр

Клас
19
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
5