Агнешка Півар Агнешка Пивар Agnieszka Piwar

Агнешка Півар. Фота: старонка Agnieszka Piwar / Facebook

Журналістка Агнешка Півар адкрыта выказвае прарасійскія погляды, падтрымлівае антыўкраінскія настроі ў польскім грамадстве і распаўсюджвае ўстаноўкі пуцінскай прапаганды. У адным з расследаванняў Gazeta Wyborcza аднесла яе да ліку «пуцінскіх агентаў хаосу», якія атручваюць інфармацыйную прастору Польшчы.

Сама Півар на гэтую публікацыю адрэагавала пастом у фэйсбуку:

«Яўрэі з «Газеты Выборчай» ніколі не прабачаць мне напісання артыкула пад назвай «Новы Іерусалім — прыхаваная мэта вайны на Украіне?» Таму яны будуць працягваць нападаць на мяне з розных нагодаў».

Хто гэтая журналістка?

Як пазначае Півар на сваім сайце, яна нарадзілася ў 1982 годзе ў Верхняй Сілезіі. Бацька паходзіць з Віленшчыны. Агнешка скончыла факультэт філасофіі Уроцлаўскага ўніверсітэта і аспірантуру па журналістыцы ў Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве. Сярод яе сацыяльнай актыўнасці пазначана пасада сакратаркі Каталіцкай асацыяцыі журналістаў.

Як сцвярджае Півар, у 2015-2022 гадах яна была журналісткай штотыднёвіка Myśl Polska (выданне, якое вылучаецца яскравай антызаходняй скіраванасцю).

Пры гэтым, паводле яе слоў, за свае артыкулы, інтэрв'ю і рэпартажы журналістка «ніколі не атрымлівала ні капейкі», згаджаючыся «публікавацца бясплатна», таму што журналістыка — яе «жыццёвы запал», а сам рэдактар не падвяргаў яе матэрыялы цэнзуры.

Месцам жа сталай працы ў Півар быў архіў польскага тэлебачання. Цяпер яна пазіцыянуе сябе як незалежная журналістка.

Агнешка Півар зʼяўляецца аўтаркай кнігі «Убачанае з Масквы, і не толькі» і суаўтаркай такіх кніг, як «Беларусь. Анатомія крызісу», «Украіна ў агні — каму патрэбна гэтая вайна?», «Страчаная вайна. Канфлікт ва Украіне, бенефіцыяры і банкруты».

Сумнеўныя знаёмствы

У 2017 годзе Півар з групай польскіх журналістаў наведала Чачню.

«Няма гаворкі аб гендарнай ідэалогіі, агрэсіўных феміністках, жанчынападобных мужчынах, ЛГБТ-рухах і іншых падобных адхіленнях. (…) Чачэнскія мужчыны моцныя, вельмі мужныя, спартовыя, апранутыя па-мужчынску», — дзялілася яна сваімі ўражаннямі.

Як піша Wyborcza, каўказскую паездку польскіх журналістаў аплаціў Фонд падтрымкі грамадскай дыпламатыі, задачай якога зʼяўляецца «садзейнічанне і фармаванне спрыяльнага клімату (…) для Расіі за мяжой». У яго апякунскую раду ўваходзяць былыя кіраўнікі і агенты КДБ і рэктар адной з разведшкол.

Галоўным спонсарам зʼяўляецца Канстанцін Малафееў, якога называюць «пуцінскім праваслаўным алігархам». Перакананы вораг фемінізму, правоў ЛГБТ, разводаў і абортаў ужо шмат гадоў знаходзіцца ў спісе бізнэсменаў, якія падпадаюць пад санкцыі ЕС і ЗША.

«Новая газета» пісала, што менавіта Малафееў браў удзел у распрацоўцы першапачатковага плана далучэння Украіны, які быў прадстаўлены ў Крэмль у лютым 2014 года.

Агнешка Півар Агнешка Пивар Agnieszka Piwar

Агнешка Півар. Фота: старонка Agnieszka Piwar / Facebook

Акрамя гэтага, Агнешка Півар была назіральніцай на парламенцкіх выбарах у Азербайджане ў лютым 2020 года і цалкам чакана высока ацаніла іх арганізацыю.

Як пазней высветліў журналіст Radiozet, місія па назіранні была арганізавана нейкім Янушам Н., арыштаваным у 2021 годзе па абвінавачанні ў шпіянажы. Ён прадстаўляўся супрацоўнікам АБСЕ, але насамрэч (гэта высветлілася толькі пасля затрымання) ім не зʼяўляўся. Галоўнай яго задачай было ўсталяваць кантакт з палітыкамі і журналістамі, якія маглі б служыць інтарэсам Расіі.

З Янушам Н. Півар знаёмая як мінімум з 2016 года, калі зняла дакументальны фільм пра байкерскі клуб «Начныя ваўкі», удзельнікаў якога ў 2015 годзе не пусцілі ў Еўропу. Адным з прыхільнікаў клуба ў Польшчы быў якраз Януш Н.

Другім падазроным сябрам Агнешкі Півар Radiozet называе рускага прапагандыста Леаніда Свірыдава, які ў 2015 годзе быў высланы з Польшчы. Летась забарона на ўезд у Шэнгенскую зону па просьбе польскай контрразведкі яму была працягнутая яшчэ на пяць гадоў.

У сябрах у Півар таксама заснавальнік польскай пракрамлёўскай партыі «Змена» Матэвуш Піскорскі, якога абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Расіі і Кітая.

Журналістка ўвесь час сцвярджае, што не бярэ грошай за свае журналісцкія матэрыялы. Як заўважае аўтар артыкула ў Radiozet, у Польшчы цяжка знайсці кагосьці, хто ва ўзросце 40 гадоў у якасці супрацоўніка нішавых СМІ меў бы магчымасць узяць удзел у спансаваных паездках у Азербайджан, Сочы, Маскву ці Карабах. Пры гэтым яе працы ў інтэрнэце можна знайсці толькі ў сродках масавай інфармацыі і парталах, якія публікуюць прапагандысцкі прарасійскі кантэнт.

Беларускі след

У ліпені 2021 года Агнешка Півар атрымала акрэдытацыю і паехала ў Мінск, дзе ўзяла ўдзел і задала сваё пытанне ў «Вялікай размове» з Лукашэнкам. Пасля гэтага журналістка напісала:

«Я лукашэнкафілка, бо польскасць захавалася на Гарадзеншчыне, а не ў заняпалай і дэмаралізаванай Варшаве, знявечанай вясёлкавымі анучамі».

Агнешка Півар у Палацы Незалежнасці ў Мінску. Фота: старонка Agnieszka Piwar / Facebook

Агнешка Півар у Палацы Незалежнасці ў Мінску. Фота: старонка Agnieszka Piwar / Facebook

А ў фэйсбуку яна падзялілася сваімі ўражаннямі:

«Беларусь у мяне асацыюецца з чысцінёй, нявіннасцю і натуральнай ежай. А зараз падумайце, што было б, калі б падступны план заходніх інтрыганаў, якія спрабавалі зладзіць там Майдан і жадалі зрынуць беларускую ўладу, увянчаўся поспехам».

Агнешка Півар разам з мэрам Гродна Мечыславам Гоем, намесніцай мэра Зояй Кулеша і кіраўніком Гродзенскага аддзялення Саюза палякаў у Беларусі Казімірам Знайдзінскім. Жнівень 2021 г. Фота: старонка Agnieszka Piwar / Facebook

Агнешка Півар разам з мэрам Гродна Мечыславам Гоем, намесніцай мэра Зояй Кулеша і кіраўніком Гродзенскага аддзялення Саюза палякаў у Беларусі Казімірам Знайдзінскім. Жнівень 2021 г. Фота: старонка Agnieszka Piwar / Facebook

Навіной аб атрыманні акрэдытацыі Півар падзялілася на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Кіраўніца тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы перапосціла яе паведамленне з каментаром:

«Ёсць чым пахваліцца… Сапраўды… У той час, як сумленныя журналісты знаходзяцца ў турме, а заслужаная Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) ліквідуецца, журналістка Myśli Polskiej хваліцца… Адкуль такія бяруцца?.. Паглядзела яе профіль у інтэрнэце — рэгулярна аплачваная маскоўская наймітка».

Півар падала ў суд на Рамашэўскую-Гузы і праз некаторы час, паводле яе слоў, пазбавілася свайго адзінага месца працы, а польскія спецслужбы заблакавалі доступ да яе блога.

Сёлета 6 снежня кіраўніца «Белсата» прынесла публічныя прабачэнні за свае словы. А незадоўга да гэтага ў сеціве зʼявіўся персанальны сайт журналісткі.

«Пры жаданні я без праблем магу атрымаць прэс-акрэдытацыю ў Беларусі (у адрозненне ад журналістаў «Белсат ТБ»), дзякуючы чаму магу ездзіць туды, пазнаваць краіну знутры і яе людзей»,

пісала Півар на сваім сайце, а на старонцы ў фэйсбук выхвалялася паштоўкай ад Лукашэнкі да 8 сакавіка.

паштоўка ад Лукашэнкі postcard from Lukashenko открытка от Лукашенко

Паштоўка ад Лукашэнкі. Фота: старонка Agnieszka Piwar / Facebook

Як адзначаюць эксперты, праца такіх журналістаў, як Півар, надзвычай важная для стварэння і распаўсюджвання расійскай прапаганды. Яны дзейнічаюць не ў адзіночку, іх суправаджае сетка, якая распаўсюджвае іх кантэнт. У выніку польскі інтэрнэт наводнены расійскай дэзынфармацыяй і прапагандай. І, як дэманструюць апытанні грамадскай думкі, гэтая прапаганда становіцца ўсё больш эфектыўнай у захопе розумаў польскіх грамадзянаў.

Чытайце яшчэ:

Туск і гродзенцы на каленях: расійская прапаганда выкарыстоўвае ФОТА 18-гадовай даўніны, каб абразіць Украіну

Аперацыя «Двайнік»: як дзейнічае расійская прапаганда

Расійскія гастралёры інсцэніруюць антыўкраінскія мітынгі ў Еўропе — Le Monde

Клас
14
Панылы сорам
23
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
64

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?