Фота: Smith Collection/Gado/Getty Images

Фота: Smith Collection/Gado/Getty Images

Першы крок у выдаленні плям ад воску свечак — гэта вызначыць заплямлены матэрыял і як мага хутчэй выканаць адпаведныя далейшыя крокі.

Выдаленне воску з валокнаў, якія не мыюцца

Наступны спосаб падыдзе для выдалення воску з наступных матэрыялаў:

  • ацэтат (від штучнай тканіны, якая вырабляецца з ацэтылцэлюлозы і па знешнім выглядзе нагадвае натуральны шоўк),
  • мешкавіна, 
  • віскоза, 
  • шоўк, 
  • трыацэтат (паўсінтэтычная палепшаная форма ацэтату),
  • воўна, якую нельга праць.

­Замарозьце заплямленую тканіну (ці прыкладзіце да плямы лёд, каб воск зацвярдзеў). Акуратна саскрабіце лішкі, затым пакладзіце пад пляму ўбіральную пракладку і апрацуйце месца плямавыводнікам. Дайце высахнуць. Пры неабходнасці паўтарыце.

Выдаленне воску з валокнаў, якія мыюцца

Гэты спосаб падыходзіць для: 

  • акрылавай тканіны, 
  • бавоўны, 
  • лёну
  • модакрылу, 
  • нейлону, 
  • алефіну, 
  • поліэстэру, 
  • спандэксу,
  • воўны, якую можна мыць.

Саскрабіце лішкі воску, а затым пакладзіце запэцканы ўчастак паміж двума кавалкамі белай прамакальнай паперы і прыцісніце цёплым прасам. Мяняйце паперу па меры ўбірання ў яе воску. Пляма можа лёгка распаўзціся, таму будзьце асцярожныя, націскаючы прасам!

На колератрывалых тканінах, белай бавоўне або лёне паспрабуйце намачыць пляму кіпенем, раіць Howstuffworks. Пасля выкарыстання любога з метадаў дайце тканіне высахнуць.

Калі засталіся сляды, скарыстайцеся плямавыводнікам. Калі засталіся сляды фарбавальніка, прамакніце яго 1 часткай медычнага спірту (не выкарыстоўвайце для акрылавых або модакрылавых тканін), змяшанага з 2 часткамі вады. Добра прамыйце чыстай вадой і высушыце.

Выдаленне воску з паверхняў

Наступны метад падыдзе для большасці паверхняў: акрылавага пластыку, алебастру, алюмінію, бамбуку, блакітнага каменю, латуні, бронзы, керамічнага шкла/пліткі, бетону, медзі, эмалі, шкла, золата, граніту, мармуру, аргшкла, поліўрэтану, фарфору, пясчаніку, нержавеючай сталі, вінілу і г.д.

Замарозьце воск, каб той зацвярдзеў, затым акуратна саскрабіце рэшткі з паверхні. Сачыце за тым, каб не падрапаць паверхню. Пратрыце губкай, змочанай у растворы вады з мыйным сродкам альбо кальцыяванай соды (яна мае больш моцную шчолачную рэакцыю — pH 11, тады як у харчовай — 8 pH). Добра прамыйце і вытрыце насуха.

Каб ачысціць ад васковых плямаў лінолеум або вінілавую плітку, вам трэба зноўку гэты воск замарозіць (можна з дапамогай кубікаў лёду). Акуратна саскрабіце яго металічным шпаталем, сочачы за тым, каб не парэзаць заплямленую паверхню. Затым акуніце шматок чыстай тканіны ў спірт і пратрыце пляму. Памыйце і вытрыце насуха. Адпаліруйце або адпарафіньце як звычайна.

Выдаленне воску або парафіну з дывана

Спачатку неабходна замарозіць воск або парафін, для чаго пакладзіце на пляму лёд, загарнуўшы яго ў пакет. Дарэчы, замарожаная гароднінная сумесь з маразілкі таксама пасуе: галоўнае — астудзіць воск. Вытрымайце лёд на пляме 2-5 хвілін, а затым пастукайце па воску (напрыклад, ручкай ад нажа). Замерзлы воск павінен добра крышыцца на дробныя аскепкі.

Выдаліце ​​кавалачкі воску, што адваліліся, пры дапамозе пыласоса. Калі частка воску трымаецца за ворс, можна паскрэбці тупым бокам нажа даволі акуратна, каб не парваць валокны.

Пасля таго як большая частка воску выдаленая, выдаляем рэшткі пры дапамозе праса. Пакладзіце на пляму чыстую белую тканіну або сурвэтку. Не выкарыстоўвайце каляровыя матэрыялы, бо яны могуць афарбаваць дыван! Затым уключыце прас на мінімальную тэмпературу і прапрасуйце тканіну па-над плямамі. Воск пачне плавіцца і будзе ўбірацца ў сурвэтку. Па меры ўбірання, пераварочвайце сурвэтку, каб выкарыстоўваць чысты бок. Паўтарайце, пакуль воск не перастане выплаўляцца з дывана.

Звярніце ўвагу: тут важна паслядоўна выкарыстоўваць холад і цеплыню. Халоднае выдаленне дазволіць прыбраць з дывана вялікія кавалачкі воску. Калі гэтага не зрабіць і адразу перайсці да прасавання, распалены воск будзе пранікаць не толькі ў сурвэтку, але і далей у валокны дывана.

Выдаленне воску з дрэва

Замарозьце воск і акуратна саскрабіце яго, каб не падрапаць драўніну. Калі ўвесь воск будзе выдалены, адпаліруйце дрэва замшавай тканінай.

Чытайце таксама:

Як адчысціць жуйку з адзення

Як пачысціць белыя чаравікі: цалкам правераныя метады

Як ачысціць і прадэзынфікаваць матрац

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?