Карына Казлоўская на Алімпіядзе ў Токіа. Фота: AP Photo / Alessandra Tarantino

Карына Казлоўская на Алімпіядзе ў Токіа. Фота: AP Photo / Alessandra Tarantino

Увесь час у Польшчы беларуска выступала за спартовы клуб Łucznik, што ў польскім горадзе Жывецы. Спачатку, расказвае дзяўчына, усё яе задавальняла. Яна трэніравалася па сваёй методыцы, сама складала сабе план трэніровак, нагрузак, і трэнер быў з гэтым усім згодны. Тады Карына збольшага камунікавала не з кіраўніцтвам клуба, а з запрошаным трэнерам з Паўднёвай Карэі.

Спартовыя вынікі таксама былі файныя: перамогі на этапах Кубка Польшчы ў маі-чэрвені 2022-га, тры залатыя медалі на моладзевым чэмпіянаце Польшчы ў ліпені 2022-га, абнаўленне асабістага рэкорду і двух моладзевых рэкордаў Польшчы. 

А бліжэй да восені 2022-га пачаліся праблемы: «Мы тады ў першы раз моцна пасварыліся з [кіраўніком клуба] Янам Ляхам, і я сышла на доўгі бальнічны — мела траўму і захварэла на ангіну. На фоне бальнічнага таксама была сварка.

Потым я падпісала кантракт, бо да гэтага працавала па дамове ў якасці трэнера, хаця насамрэч трэніравалася ў клубе сама і атрымлівала за гэта заробак. Лях вырашыў зрабіць дадатковы кантракт, каб у ім былі прапісаныя выплаты за першыя месцы на спаборніцтвах. Амаль з усім я была згодная, таму падпісала гэты кантракт». 

Нейкі час усё было спакойна, але бліжэй да канца зімы, у 2023 годзе, Карына і кіраўнік клуба зноў пачалі сварыцца. На той час Лях збольшага ўзяў яе трэніроўкі пад свой кантроль.

Часцей за ўсё, кажа дзяўчына, канфліктавалі праз грошы, бо Лях быццам часта затрымліваў заробкі: «Напрыклад, па кантракце мой заробак мусіў складаць 5 тысяч злотых (каля 1250 даляраў. — НН). А ён сказаў: «Я не буду табе плаціць 5 тысяч, бо ты павінна яшчэ плаціць за тое, што трэніруешся ў клубе». Раней я плаціла за гэта 300 злотых, а тут ён запатрабаваў 500 злотых (сумы ў 74 і 125 даляраў адпаведна. — НН). Хаця да гэтага, калі не было кантракта, я зусім не плаціла за клуб, і ўсіх усё задавальняла».

Як ставіліся да гэтага іншыя спартсмены ў клубе? Казлоўская расказвае, што афіцыйна ўсе плацяць за заняткі. Аднак збольшага, паводле яе, усе плацілі па 300 злотых, а ад яе Лях запатрабаваў 500 злотых, бо з падпісаннем кантракту ў дзяўчыны вырас заробак.

Пачаўся летні сезон-2023. У Карыны былі не вельмі высокія вынікі, але іх хапіла, каб трапіць у зборную Польшчы. Але не хапіла для Ляха: спартоўка расказвае, што яна пастаянна сварылася з ім з-за вынікаў і бліжэй да лета яе заробак упаў з 4500 да 4000 злотых (з 1120 да 996 даляраў). Ніякімі дакументамі, кажа дзяўчына, гэта не пацверджана, проста ёй сталі плаціць менш.

«Бліжэй да верасня 2023 года ён сказаў, што паніжае мне заробак да трох тысяч злотых і зніжае суму, якую выдзяляў на аплату кватэры, на тысячу злотых. Па яго словах, гэта таму што я дрэнна выступіла на чэмпіянаце свету. Я насамрэч выступіла не вельмі добра (у першым раўндзе турніру Карына прайграла. — НН). Але лічу, што нават адабрацца на чэмпіянат свету — ужо добры вынік, а ён лічыў інакш».

Пад ціск, паводле Карыны, трапіла не толькі яна. Праз паўтара-два месяцы пасля таго, як дзяўчына пераехала ў Польшчу, да яе перабраліся мама і сястра. Маці спартоўкі пайшла да Яна Ляха працаваць асістэнткай бухгалтара, а сястра мусіла ісці вучыцца ў яго спартовую школу. Але калі сям’я пабачыла, што там благія ўмовы, вырашылі, што лепш яна няхай пойдзе ў звычайную дзяржаўную школу. 

Мама Карыны прапрацавала ў Ляха ўсяго паўтара месяцы і звольнілася — сказала, што не вытрымлівае ціску з яго боку:

«Ён часта паўтараў нам, што, паколькі мы з Беларусі, мы тут ніхто, мы нічога не ведаем і не разумеем, таму ўсім мусіць кіраваць ён. Казаў, што мы мусім толькі працаваць на яго, спаць і есці, і больш нічога. Такія дрэнныя адносіны ў яго практычна з усімі, бо ён сабе дазваляе казаць шмат лішняга і дазваляе сабе шмат абражаць людзей. Але ўсе церпяць, як і я цярпела». 

Нарэшце, расказвае Карына, яе цярпенне скончылася. Калі дзяўчына вярнулася з чэмпіяната свету, здарылася чарговая сварка з Ляхам. У выніку ён сказаў, што паніжае ёй заробак да трох тысяч злотых, хаця афіцыйна беларуска павінна была атрымліваць 4400 злотых па дамове і былі дадатковыя выплаты па кантракце. 

Пасля гэтага дзяўчына вырашыла сысці з клуба: «Калі за маю працу, за тое, што я там трэніравалася па восем-дзевяць гадзін на дзень, мне не хацелі плаціць, мне там няма чаго рабіць. Частыя сваркі з ім таксама ўплывалі на мой псіхалагічны стан, і ў канцы жніўня 2023 года я сышла на бальнічны па прычыне дэпрэсіі. Была на кансультацыі ў спецыяліста, то-бок дэпрэсію мне паставілі афіцыйна».

Цяпер Казлоўская чакае суда з былым трэнерам. Яна звярталася да юрыста і атрымала адказ, што Лях не мог паніжаць ёй заробак так, як ён гэта рабіў. Беларуску звольнілі з клуба па дысцыплінарным артыкуле, бо цягам 5 дзён пасля бальнічнага яе не было на працоўным месцы. Але, тлумачыць Карына, у Польшчы, калі знаходзішся на бальнічным больш за 30 дзён, трэба атрымліваць афіцыйнае пацверджанне допуску да працы, якое робяць па заяве працадаўцы, а Лях не зрабіў гэтую заяву. Таму Карына не магла пачынаць працу, ды і прызнаецца, што была не ў стане гэта зрабіць.

Дзяўчына спрабавала дамовіцца з трэнерам наконт звальнення: «Я даслала ў клуб па пошце заяву на звальненне па артыкуле 55 Працоўнага кодэкса Польшчы, паводле яго мяне могуць звольніць без адпрацоўкі. Ён не плаціў за мяне ўнёскі ў ZUS, а ў такім выпадку можна падаць заяву на звальненне, бо працадаўца не выконвае свае абавязкі (у артыкуле 55 Кодэкса працы Польшчы няма ўдакладнення, што ён прымяняецца ў выпадку нявыплаты ўнёску ў ZUS. — НН). Але ён вырашыў, што будзе так, як ён хоча, і звольніў мяне па дысцыплінарным артыкуле. Да гэтага я пыталася ў яго наконт звальнення па пагадненні бакоў, і ён сказаў, што такую маю заяву не падпіша, што я павінна звольніцца з двухмесячнай адпрацоўкай». 

Ян Лях, кажа Карына, зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё стральбы з лука ў Польшчы, і ён адзін з першых польскіх трэнераў, чые спартоўцы атрымалі высокія вынікі. Карына прызнае, што гэты чалавек — прафесіянал, і баіцца таго, як сварка з такім дзеячам можа паўплываць на яе кар’еру, але кажа, што па-іншаму зрабіць не магла.

Дзяўчына цяпер сумяшчае вучобу і працу. Да спорту пакуль не вяртаецца — паводле яе, цяпер ёй цяжка нават дакранацца да лука. 

Беларуска паступіла на завочнае ва ўніверсітэт у Бельска-Бяле, дзе хоча атрымаць дыплом перакладчыцы з англійскай мовы, і працуе ў кавярні. Паралельна з гэтым яна яшчэ шукае працу ў Варшаве, і хоча туды перабірацца, бо жадае перайсці ў адзін з варшаўскіх стралковых клубаў. Але ўсё не так проста: каб забраць Карыну да сябе, варшаўскі клуб мусіць заплаціць клубу Яна Ляха 35 тысяч злотых (8,7 тысячы даляраў), а то і больш, калі ў клубе назавуць іншую суму.

Спартоўка дапускае, што справу атрымаецца ўрэгуляваць без суда, але проста так здавацца не намераная: «Магчыма, ён прыслухаецца да мяне і суда не будзе, але тады я буду зноў на яго падаваць позву, каб атрымаць ад яго кампенсацыю маральнай шкоды і не толькі. Ёсць заробак брута, то-бок з падаткамі, і нета — зменшаная сума, калі падаткі ўжо выплачаныя. Па дамове я мусіла атрымліваць заробак 4400 злотых, і калі супрацоўніку няма 26 гадоў, ён мусіць атрымліваць заробак брута, а ён мне плаціў нета. Невядома, ці ён забіраў гэтыя грошы сабе, ці траціў іх на падаткі».

На запыт «Нашай Нівы» аб каментары Ян Лях не адказаў. Дата суда паміж ім і Карынай Казлоўскай пакуль не прызначаная.

«У нас быў змяіны калектыў». Найлепшая лучніца краіны — пра ад’езд у Польшчу і беларускі спорт

«Балі і абдыманкі з Лукашэнкам — не палітыка?» Спыталі ў сумленных спартсменаў, ці варта зняць спартовы бан з Расіі і Беларусі

Міжнародная федэрацыя стральбы з лука дапускае беларусаў да спаборніцтваў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?