За мір

Крыху менш за палову расейцаў (48%) упэўненыя, што Крамлю трэба пераходзіць да мірных перамоваў у канфлікце з Украінай. Гэта самы высокі працэнт такіх адказаў з вясны 2022 года, калі пачалася вайна. 

Супраць мірных перамоваў і за працяг «спецаперацыі» выступаюць 39% рэспандэнтаў.

  Уся інфаграфіка: «Вёрстка» 

Уся інфаграфіка: «Вёрстка» 

За мірныя перамовы часцей за іншыя групы выказваліся жанчыны і рэспандэнты да 45 гадоў, за працяг вайны — мужчыны і людзі старэйшыя за названы ўзрост. Мяркуючы па адказах на іншыя пытанні даследавання, жанчыны наогул часцей за мужчын выбіралі найбольш мірныя варыянты. 

На меркаванне апытаных уплывае і тое, ад каго будзе зыходзіць ініцыятыва мірных перамоваў. Усяго 18% расейцаў не падтрымаюць іх, калі адпаведнае рашэнне прыме Уладзімір Пуцін, вынікае з апытання. 

Пры гэтым, больш за ўсё апытаных выступілі за ўтрыманне бягучых пазіцый на вайне — 66%. Яшчэ 60% заявілі, што падтрымаюць наступальныя дзеянні, і ўсяго 32% гатовы выступіць за вывад войскаў. 

Рэспандэнтаў таксама спыталі аб тым, на якіх умовах яны гатовы падтрымаць мір Расіі і Украіны. Больш за ўсё апытаных назвалі спыненне гібелі людзей (10%), прызнанне так званых «ДНР» і «ЛНР» тэрыторыяй Расіі (9%), прызнанне Херсонскай і Запарожскай абласцей часткамі Расіі (7%), далучэнне іншых тэрыторый і капітуляцыю Украіны (па 6%). Таксама апытаныя згадвалі прызнанне Крыма расійскай тэрыторыяй, далучэнне ўсёй Украіны, адмову Кіева ад уступлення ў НАТА і гэтак далей.

Раней апытанне на аналагічную тэму правёў Левада-цэнтр. Па іх даных, 70% расейцаў падтрымалі б спыненне вайны, калі б такое рашэнне прыняў Пуцін. Але 34% згодны на заключэнне міру, калі б прэзідэнт пры гэтым вярнуў анексаваныя ўкраінскія тэрыторыі. 

Супраць другой хвалі

Паводле апытання, больш за палову расейцаў (58%) не падтрымалі б правядзенне другой хвалі мабілізацыі, за яе правядзенне — менш за траціну (32%). 

На адказы рэспандэнтаў таксама ўплывае тое, хто менавіта абʼявіў бы мабілізацыю. Так, доля тых, хто падтрымаў бы яе, калі аб гэтым рашэнні абʼявіць прэзідэнт, крыху ўзрастае. Зрэшты, не падтрымаюць яе ўсё роўна больш за палову апытаных — 53%. Наадварот, 38% падтрымаюць мабілізацыю ў выпадку, калі яе абвесціць Пуцін.

 

Як і ў пытанні аб мірных перамовах, часцей другую хвалю мабілізацыі падтрымліваюць мужчыны і старэйшае пакаленне. Адказваючы на пытанне аб эмоцыях, 61% апытаных сказалі, што зведалі б негатыўныя эмоцыі, калі б была абʼяўлена другая хваля. Яшчэ 18% успрынялі б гэтую інфармацыю спакойна, 8% — пазітыўна.

На думку палітолага Канстанціна Калачова, мужчыны ў прынцыпе часцей схільныя падтрымліваць ваяўнічыя і агрэсіўныя ініцыятывы. «Брутальнасць, маскуліннасць і іншае, але людзі часта кажуць адно, думаюць іншае, а робяць трэцяе. Тэма ўсеагульнай мабілізацыі сышла з парадку, так што на фронце ў бліжэйшыя дні рэспандэнты мужчынскага полу сябе не бачаць», — адзначыў ён.

Эксперт таксама выказаў меркаванне, што перавага мірных настрояў сярод жанчын звязана з тым, што яны вастрэй за мужчын адчуваюць негатыўныя наступствы вайны. «Жанчыны перажываюць за сваіх мужчын, жанчыны звычайна не адрозніваюцца крыважэрнасцю, яны больш практычныя і бачаць бытавыя выдаткі зацягвання канфлікту», — дадаў Калачоў.

Сярод апытаных Russian Field большасць (65%) працягвае лічыць, што Расія зараз рухаецца ў правільным кірунку. Аднак гэты паказчык знізіўся на 8 працэнтаў у параўнанні з чэрвеньскімі данымі.

У сваю чаргу, 21% расейцаў думае, што справы ў краіне ідуць няправільна.

Таксама 56% лічаць, што вайна ва Украіне працягваецца паспяхова для Расіі, 25% упэўнены, што гэта не так. Колькасць незадаволеных ходам «спецаперацыі» таксама вырасла з чэрвеня — на 4%.

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3