У сувязі са «стабілізацыяй сітуацыі» ў аэрапорце Махачкалы Расавіяцыя скараціла перыяд часовага закрыцця аэрапорта адразу на шэсць дзён, да 31 кастрычніка. Пра гэта ведамства напісала ў сваім тэлеграм-канале, як піша РБК.

«Перыяд часовага закрыцця аэрапорта Махачкалы для прыёму паветраных суднаў будзе доўжыцца папярэдне да 02:59 (па маскоўскім часе) 31 кастрычніка. Падкрэсліваем: адкрыццё аэрапорта адбудзецца толькі пасля пільнай праверкі праваахоўнымі органамі аэравакзала, аэрадрома і прылеглай тэрыторыі», — гаворыцца ў паведамленні.

Раней у Расавіяцыі казалі, што аэрапорт будзе закрыты да 02:59 мск 6 лістапада. Пры гэтым тады ў ведамстве таксама ўдакладнілі, што гэта папярэдняя інфармацыя.

Праца аэрапорта была парушаная з-за дзеянняў натоўпу, які сабраўся перад будынкам паветранай гавані на фоне прылёту рэйса з Ізраіля. Пасля прарыву на тэрыторыю аэрапорта людзі акружылі самалёт, да месца інцыдэнту прыбыў спецназ. У 22:10 урад Дагестана паведаміў, што ў аэрапорце працуюць сілавікі, а сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Праз яшчэ 10 хвілін аэрадром быў вызвалены ад старонніх.

Падчас пратэстаў пацярпелі 20 чалавек, уключаючы прадстаўнікоў паліцыі і цывільных асоб, паведамляла мясцовае Міністэрства аховы здароўя. Двое з пацярпелых знаходзяцца ў цяжкім стане.

СК Расіі распачаў крымінальную справу паводле арт. 212 КК Расіі — масавыя беспарадкі. МУС паабяцала ўстанавіць асобы ўсіх удзельнікаў няўзгодненай акцыі, а таксама тых, хто падбухторваў да распальвання міжнацыянальнай варожасці.

Чытайце таксама:

У Дагестане праходзяць пратэсты пад антысеміцкімі лозунгамі, пагромшчыкі ўварваліся ў аэрапорт

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3