беларускія добраахвотнікі Belarusian volunteers Белорусские добровольцы

Беларускія добраахвотнікі. Фота: ТГ BelWarriors

Пра беларускіх добраахвотнікаў

Валерый Сахашчык адзначыў, што дакладную статыстыку колькасці беларусаў, якія з пачатку вайны бралі ўдзел у ваенных дзеяннях на баку Украіны, цяжка даць, бо яна не вядзецца. Да таго ж людзі хаваюць свае імёны. І яны маюць на гэта падставы, бо ў Беларусі пераследуюць іх родных.

«Я думаю, што не менш за тысячу прайшло праз вайну. Магчыма, што і болей», — лічыць Сахашчык.

Валерый называе ваяроў сапраўднымі героямі, генафондам і будучым нашай нацыі. Разам з гэтым ён звяртае ўвагу на іншы аспект:

«Каб быць да канца сумленным, неабходна сказаць, што вайна калечыць усіх. І ўсе людзі, якія там знаходзяцца, асабліва тыя, што знаходзяцца працяглы час, асабліва як Ваўкалак, які шмат разоў быў паранены і ўжо паўтара года знаходзіцца ў вось гэтых цяжкіх абставінах. Я, напрыклад, не ўпэўнены, што чалавек цалкам зможа аднавіць сваю псіхіку».

Валерый Сахашчык Валерий Сахащик Valery Sakhashchik

Валерый Сахашчык падчас інтэрв'ю. Скрыншот TOK_talk / YouTube

Адказваючы на пытанне, чаму беларускія афіцэры не едуць масава добраахвотнікамі ваяваць за Украіну, Сахашчык звярнуў увагу на шэраг абставін:

«Шмат людзей прывезлі сем'і ці маюць семʼі, якія трэба карміць. Не кожны можа кінуць працу і паехаць. Нейкі арэол рамантызму, які, магчыма, быў у першыя тыдні вайны, асабліва дзякуючы паспяховым дзеянням партызанаў, калі калоны па 60 кіламетраў расійскай тэхнікі стаялі, і іх з найбліжэйшага лесу, з узлеску расстрэльвалі з «Джавелінаў», і суадносіны страт былі сем да аднаго на карысць украінцаў… Гэта была адна вайна.

Потым вайна перакачавала ў стэп. Дзе поле бітвы роўнае, як стол, дзе нікуды не схаваешся, дзе над табою лётаюць расійскія дроны, карэктуюць і па табе прылятаюць снарады і міны.

Рамантыкі ў гэтым мала. Гэта насамрэч жахліва і страшна. Шмат людзей загінула, самых выдатных нашых хлопцаў-беларусаў. Нехта атрымаў цяжкія раненні. Нехта проста выгараў ад працяглага знаходжання ў стане жаху, крыві, бясконцых смерцяў і раненняў вакол. Людзі зʼехалі. Гэта вельмі складана. Даць гэтаму ацэнку можа толькі чалавек, які сам праз гэта прайшоў. Гэта немагчыма зразумець па кнігах і фільмах».

Чаму так шмат добраахвотнікаў ужо загінула на вайне

Адказ на пытанне пра прычыны вялікай колькасці загінулых беларусаў у вайне для Валерыя Сахашчыка вельмі складаны, бо ён вельмі баіцца закрануць чыёсьці самалюбства. Валерый называе наступныя прычыны: 

«Першая, якая найбольш вызначальная, гэта жахлівая вайна, на якой гінуць тысячы ўкраінцаў. Хіба што беларусы панеслі страты суразмерна ад сваёй колькасці тым стратам, што нясуць украінцы.

Разам з тым я б праводзіў працу над памылкамі, запісваў бы досвед. На жаль, ёсць выпадкі, калі людзі гінулі з-за не зусім разумных рашэнняў камандавання, з-за недастатковага навучання. Мы павінны прызнаць, што такія выпадкі, на жаль, былі».

Глядзіце цалкам:

Клас
29
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
0
Сумна
58
Абуральна
10

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?