Роберт Голаб цалуецца са старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен падчас саміту NATO ў Вільні 12-13 ліпеня 2023 года. Фота: Pavel Golovkin / AP

Роберт Голаб цалуецца са старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен падчас саміту NATO ў Вільні 12-13 ліпеня 2023 года. Фота: Pavel Golovkin / AP

Голаба абвінавачваюць ва ўмяшанні ў пытанне пра дату затрымання падазраваных у шпіянажы. Сцвярджаюць, што першапачатковая дата была запланаваная на наступны дзень пасля важнага рэферэндуму, і Голаб нібыта не хацеў, каб гэтая справа зацямніла поспех урада, піша «Еўрапейская праўда».

Абвінавачванне паступіла ад былой міністаркі ўнутраных спраў Таццяны Бобнар, якая пасварылася з Голабам з-за, паводле яе слоў, неабгрунтаванага ціску на паліцыю і падала ў адстаўку ў снежні мінулага года, прапрацаваўшы ўсяго шэсць месяцаў.

На гэтым тыдні Бобнар дала паказанні для парламенцкага расследавання адносна імавернага ціску на праваахоўнікаў. І хоць гэтая частка яе паказанняў не была публічнай, яе заявы хутка пратачыліся ў СМІ.

Голаб адхіліў абвінавачванні, заявіўшы, што «гэта яшчэ адна галюцынацыя, якая зусім не адпавядае рэчаіснасці».

«Ніводны прэм'ер-міністр не можа гэтага дамагчыся, не кажучы ўжо пра тое, каб патрабаваць гэтага», — заявіў ён у вячэрнім тэлешоу ў сераду, маючы на ўвазе нібыта яго патрабаванне перанесці дату.

Яго заява была падтрыманая SOVA (Нацыянальнай службай разведкі і бяспекі), якая зрабіла рэдкую публічную заяву. Служба назвала лжывымі сцвярджэнні, што Голаб паўплываў на час затрымання.

SOVA заявіла, што планавала сваю дзейнасць сумесна са спецыяльным падраздзяленнем паліцыі, вядомым як Нацыянальнае бюро расследаванняў, а магчымыя даты прапанаваў дырэктар агенцтва, «зыходзячы з аператыўных і тактычных меркаванняў, і, безумоўна, не на просьбу прэм'ер-міністра ці каго-небудзь іншага».

Цяпер гэтыя абвінавачванні разглядае парламенцкая камісія па наглядзе за разведкай і службамі бяспекі. Старшыня камісіі і апазіцыйны дэпутат Віктар Жакель заявіў, што інфармацыя, якую яны маюць, супярэчлівая і заслугоўвае далейшага расследавання.

Па словах Жакеля, парламентарыі хочуць вызначыць, «ці была дата арышту абраная прафесійна або палітычна».

Бобнар, якая цяпер працуе дарадцай прэзідэнта, пацвердзіла сваю заяву пасля пярэчання Голаба.

«Яна цвёрда стаіць на сваіх паказаннях і чакае, што следчая камісія выканае сваю працу, незалежна ад рознага палітычнага ціску», — заявілі ў офісе прэзідэнта Наташы Пірц-Мусар.

Рэферэндум у Славеніі адбыўся 27 лістапада 2022 года, а пра затрыманне двух расійскіх шпіёнаў стала вядома ў канцы студзеня 2023 года.

Двое расійскіх агентаў з грамадзянствам адной з паўднёваамерыканскіх краін працавалі пад фальшывымі імёнамі, іх затрымалі ў арандаваным офісе ў Любляне.

Чытайце таксама:

Сустрэча сусветных лідараў у Вільні. Найлепшыя фоты

Вышыванка Зяленскай, мятная двойка прэм'ера Даніі, нюдавыя туфлі Калас і штаны-палаца Мелоні. Якія касцюмы абралі палітыкі для сустрэчы НАТА ў Вільні

За кулісамі Генасамблеі ААН: вось як Лукашэнка прайграў Славеніі 38:153

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
7
Сумна
0
Абуральна
13