Аляксандр Лукашэнка распавёў, што ў першыя гады прэзідэнцтва краіне, паводле яго, «асабліва складаным было захаваць незалежнасць».

«Гэта былі найцяжэйшыя гады. Вы ж паглядзіце хроніку, калі прыязджалі сюды УНА-УНСО з Украіны, з Польшчы адмарозкі, з Расіі. Пераварочвалі на вуліцах аўтамабілі. Мы ўвесь час з імі змагаліся. І ўсё на грошы Захаду. Таму нам давялося ўвесь час змагацца. Заўсёды было складана. Заўсёды мы ваявалі на гэтых вуліцах. Мы ўжо ведалі: выбары — гэта абавязкова бойня, асабліва ў Мінску», — сказаў ён.

Гэта хлуслівае сцвярджэнне. Выбары ні разу не былі бойняй, але заўсёды было недапушчэнне назіральнікаў да падліку галасоў, падаўленне мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі.

Паводле Лукашэнкі, 2020 год стаў самым складаным.

«Гэта была кульмінацыя ўсіх гэтых бітваў і боек», — сказаў ён.

«Калі б тады завагаліся, усё — нас бы не было, тут бы ішла вайна. Таму што войскі НАТА былі гатовыя ўжо ў Беларусь уступіць», — выдае сваю версію Лукашэнка.

«Ім [апанентам улады] трэба было толькі на суткі ўзяць уладу і запрасіць сюды войскі НАТА — гэта прамое сутыкненне з Расіяй. Гэта ядзерная вайна. Таму пройдзе час, вы яшчэ ацэніце тое, што мы зрабілі ў 2020 годзе.

Гэта не Украіна. Тут бы адразу адбылося сутыкненне НАТА і расійскіх Узброеных Сіл. Нас бы перамалолі», — гаворыць Лукашэнка.

У 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка, паводле ацэнак назіральнікаў, прайграў выбары Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады, а распачаў масавыя рэпрэсіі. 

Клас
8
Панылы сорам
52
Ха-ха
58
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
94