Старшыня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў (па цэнтры). Фота: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

Старшыня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў (па цэнтры). Фота: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

Беларусь афіцыйна далучылася да кітайскай праграмы будаўніцтва новай касмічнай навуковай станцыі на Месяцы. Аб гэтым 23 кастрычніка паведаміла БелТА са спасылкай на прэс-службу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН).

Адпаведнае пагадненне падпісалі старшыня НАН Уладзімір Гусакоў і кіраўнік Кітайскага нацыянальнага касмічнага ўпраўлення (CNSA) Чжан Кэцзянь.

«Напрамкамі супрацоўніцтва стануць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў галіне касмічнай тэхнікі і тэхналогій, новых матэрыялаў і электронна-кампанентнай базы, падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі навуковых кадраў і спецыялістаў», — паведаміла БелТА са спасылкай на прэс-службу НАН.

Сам праект новай месяцовай станцыі быў раней распрацаваны і прадстаўлены Кітаем. Праект прадугледжвае правядзенне некалькіх месяцовых місій для будаўніцтва новай базы і наступнага яе ўдасканалення для больш паглыбленага вывучэння Месяца. Скончыць будаўніцтва станцыі плануецца да 2030 года.

Для рэалізацыі сваіх планаў Кітай паспеў заручыцца афіцыйнай падтрымкай не толькі Беларусі, але таксама і Расіі, Азербайджана, Венесуэлы, Пакістана, Паўднёваафрыканскай Рэспублікі і некалькіх міжнародных арганізацый, сярод якіх ёсць кампаніі са Швейцарыі і амерыканскіх Гаваяў.

Адзін з канцэптаў будучай Міжнароднай навуковай месяцовай станцыі (МНМС), якую хоча пабудаваць Кітай разам з Беларуссю і іншымі краінамі. Фота: CNSA

Адзін з канцэптаў будучай Міжнароднай навуковай месяцовай станцыі (МНМС), якую хоча пабудаваць Кітай разам з Беларуссю і іншымі краінамі. Фота: CNSA

Пры гэтым, як адзначылі спецыялісты ў касмічнай галіне з ЗША, выбар некаторых саюзнікаў з боку Кітая для пабудовы станцыі нясе больш палітычную і наўмысна публічную значнасць, чым тэхнічную.

«Падпісанне дамовы з Беларуссю адбылася ўсяго праз некалькі дзён пасля такіх жа дамоўленасцяў з Пакістанам. Сам Пакістан, напрыклад, не можа самастойна запускаць аб'екты ў космас і мае толькі тры актыўныя спадарожнікі на арбіце. Краіна цалкам у гэтым залежыць ад Кітая.

Той жа выпадак і з Беларуссю. Яна таксама не валодае ўласнымі тэхнічнымі магчымасцямі для запускаў у космас і таксама мае толькі тры спадарожнікі на арбіце. Адзін з іх, спадарожнік сувязі Belintersat 1 на базе тэхналогіі DFH-4, быў цалкам пабудаваны і адпраўлены на арбіту Кітаем», — распавяла агенцтву SpaceNews Вікторыя Самсан, дырэктар вашынгтонскага офіса буйной арганізацыі Secure World Foundation, якая адказвае за больш мірнае і бяспечнае выкарыстанне касмічнай прасторы.

Самсан дадала, што Кітай са сваімі планамі імкнецца абагнаць ЗША ў касмічнай і месяцовай гонцы, стварыўшы канкурэнцыю амерыканскаму праекту «Артэміда», які таксама ставіць сабе за мэту засваенне і вывучэнне Месяца.

Чытайце таксама:

«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай

Навуковец патлумачыў феномен рэжыму і ацаніў страты беларускай навукі за час кіравання Лукашэнкі

«Сітуацыя страшная». Якая будучыня Кангрэса даследчыкаў Беларусі?

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0