«У школе я не думала, што калі махаю сцягам на хакеі, то падтрымліваю ўладу»

Маргарыта:

— Я якраз той чалавек, які добраахвотна быў актывісткай БРСМ у школьныя гады. Пры гэтым мяне ніхто не прымушаў. У паралельным класе, я ведаю, класная кіраўніца патрабавала, каб 100% вучняў уступілі ў БРСМ. Мая сяброўка да апошняга супраціўлялася, але аднойчы класная пакінула яе на тры гадзіны пасля заняткаў і не дазваляла выйсці нават у прыбіральню да таго моманту, пакуль дзяўчынка не напіша заяву на ўступленне. У выніку сяброўка вырашыла, што прасцей гэта зрабіць і забыць.

Але я была шчыра перакананая, што гэта адзінкавы выпадак з-за таго, што тая класная кіраўніца была кар’ерыстка — яе потым завучам нават зрабілі. У маім жа класе нічога такога не было. Бо наша класная ніколі не трэслася за сваю працу, а калі да яе падыходзіла педагог-арганізатар, то яна казала: «Размаўляйце з дзецьмі самі, я нікога прымушаць не буду».

Памятаю, у адзінаццатым класе педагог-арганізатар прыйшла да нас напярэдадні Дня настаўніка і сказала: «А ў мяне ёсць цудоўная ідэя падарунка для вашай класнай — давайце вы ўсе ўступіце ў БРСМ». Тады ў класе стаяў гамерычны рогат. Нехта потым сказаў жанчыне, якая разгубілася: «Позна, мы ўжо каву і цукеркі набылі».

Таму ў маім класе ў БРСМ разам са мной было толькі некалькі чалавек. Але нам сапраўды падабалася ўдзельнічаць у нейкіх конкурсах. Я заўсёды сярод першых хацела спяваць-маляваць-танцаваць.

Сярод нейкага трэшу магу ўспомніць толькі як нам сказалі тэрмінова паставіць тэатральную сцэнку пра суд — судзілі нейкіх казачных персанажаў. Гэта быў конкурс да дня чагосьці там — можа, пракуратуры. Вось гэта мы завалілі, бо я не ведаю, як можна было зрабіць нешта адэкватнае на такую тэму.

Пашпарт мне ўручалі ва ўрачыстай абстаноўцы ў ратушы чыноўнікі — я ж і вучылася выдатна, і актывісткай была. Ці думала я аб тым, што гэта частка ідэалогіі? Не. Мне проста было цікава займацца творчасцю. Бацькі да гэтага ставіліся не вельмі добра, асабліва тата. У маёй сям’і ўсе былі супраць Лукашэнкі, колькі я сябе памятаю. Але ж у школе я не думала, што калі махаю сцягам на хакеі (наш клас, ведаючы настроі, не чапалі, але я ахвотна хадзіла з іншымі), то падтрымліваю ўладу. Таму цяпер мне жудасна.

«Ёсць рэчы, якія не прадаюцца — маё сумленне якраз з гэтага спіса»

Марыя:

— У БРСМ я не ўступала прынцыпова, хоць у адзінаццатым класе нам казалі, быццам бы гэта дапаможа пры паступленні ва ўніверсітэт. Мне здавалася, што гэта неяк брыдка. Паступаць павінны дапамагаць веды і толькі яны.

Усе ідэалагічныя мерапрыемствы я прынцыпова ігнаравала, хоць кожны раз нам абяцалі ўсялякія плюшкі кшталту дзясятак па розных прадметах. Але ёсць рэчы, якія не прадаюцца — маё сумленне якраз з гэтага спіса. Дый бацькі мае не зразумелі б, калі б я пайшла на нейкі хакей для масоўкі.

Адзінае, на што я пагадзілася, — схадзіць на невялікае мерапрыемства для ветэранаў. І вядучай яго была нейкая (мабыць, не вельмі разумная) дзяўчына з БРСМ. Бо яна пачала бадзёра прапаноўваць ветэранам пачаставацца… «хлебам, як на вайне». Яна ажно заходзілася ад захаплення!

«Мы згатавалі спецыяльна для вас хлеб па рэцэпце ваенных гадоў! Вось такі самы хлеб, як вы елі ў маладосці!»

Нават я ў свае чатырнаццаць-пятнаццаць гадоў разумела, што не можа быць «хлеб, як на вайне» нечым смачным. Ну наўрад ці гэта сінонім круасана! Але дзяўчыну было не спыніць. Мне было вельмі няёмка, ветэраны таксама абменьваліся вельмі выразнымі поглядамі. Потым адна бабуля сказала:

— Дзетачка, дай Бог табе ніколі не частаваць вайсковага хлеба. Мы ж у яго і клей дабаўлялі, і ўсё, што побач было.

«Я нават плакала, калі ўсе мае сяброўкі казалі, што гатовы галасаваць хоць за каго, абы не за Лукашэнку»

Ангеліна:

— Я з маленькага горада, мае бацькі заўсёды падтрымлівалі Лукашэнку. Ну а я, як дзяўчынка-выдатніца і актывістка, канешне, была спачатку ў БРПА, потым у БРСМ.

Для мяне было цалкам натуральным слухаць дарослых, удзельнічаць у тых мерапрыемствах, якіх скажуць. І так, я сапраўды верыла, што ў нас найлепшая краіна і найлепшы прэзідэнт, якога немагчыма нікім замяніць.

Памятаю свае першыя выбары, калі вучылася ў ВНУ — гэта быў 2010 год. Плакала, калі мае сяброўкі казалі, што не будуць галасаваць за Лукашэнку. Шчыра не разумела, што ім можа не падабацца.

А вось у 2020 годзе зразумела… Лічу і сябе, і сваіх бацькоў ахвярамі прапаганды.

«Уся ідэалогія будавалася вакол тэмы вайны»

Максім:

— У маёй школе ўся ідэалогія будавалася вакол тэмы вайны. Мы ездзілі ў Хатынь, Брэсцкую крэпасць, хадзілі ў госці да ветэранаў. І я нават сам не зразумеў, у які момант пачаў ненавідзець Германію. Мне здавалася, што гэта краіна — вораг назаўсёды.

Калі мне было гадоў дзесяць, тата з дзедам глядзелі нейкі футбольны матч — зборная Германіі з кімсьці гуляла. І я з гонарам заявіў, што не буду заўзець за фашыстаў.

Як з-за гэтай фразы на мяне пачаў крычаць дзед (які, паміж іншым, памятаў і вайну, і фашыстаў — яму гадоў шэсць было, калі ўсё пачалося). Крычаў, што нельга абражаць людзей толькі з-за нацыянальнасці і шмат чаго іншага. Мне ж было вельмі крыўдна, бо я не разумеў, што сказаў не так: у школе ж нам шмат разоў тлумачылі, што немцы — гэта ворагі.

Тое, што ідэалогія і па сёння не змянілася, я зразумеў у 2014 годзе, калі здарылася анексія Крыма — тады абстаноўка ў грамадстве была нервовая. І мая маленькая дачка, пабачыўшы аднойчы навіны, спытала: «А на нас Германія не нападзе?» Я здзівіўся: адкуль такія думкі? Чаму Германія павінна нападаць на Беларусь? Высветлілася, што ў садочку распавядалі пра вайну і фашыстаў, а мая дачка вырашыла, што і на Украіну Германія напала, бо хто ж яшчэ?

«Я прафесійна збягаў з усіх мерапрыемстваў»

Павел:

— Я быў сярод тых, побач з кім на ідэалагічным мерапрыемстве заўсёды становіцца настаўніца і кожныя пяць хвілін шыпіць: «Цішэй, цішэй!» Мы з сябрамі заўсёды жартавалі і сцябаліся з выступоўцаў. Мяне прымусілі ўступіць у БРСМ, але я прафесійна збегаў са ўсіх мерапрыемстваў.

Ну а што рабіць, калі нецікава?! З праглядаў беларускага кіно мы сыходзілі роўна праз 10 хвілін пасля пачатку. Не сталі глядзець нават той фільм, дзе ў эпізадычнай ролі зняўся наш аднакласнік — ён, дарэчы, таксама збег.

Я памятаю толькі адзінае сапраўды цікавае мерапрыемства, якое якраз праводзіў БРСМ. Да нас у школу запрасілі ветэрана, але ж арганізатары не сталі загадзя даведвацца, чым жа ён займаўся ў вайну. Медалі ёсць, ну а што яшчэ трэба?

Нас сагналі ў залу, ветэрана пасадзілі на сцэну, ганаровыя госці — усё як мае быць. І тут ветэран пачынае распавядаць, што ён быў у заградатрадзе. А далей дэталёва, як ён самастрэлы расследаваў і як расстрэльваў тых, хто не хацеў ваяваць.

І з аднаго боку, гэта было вельмі цікава — мы ўпершыню слухалі такія гісторыі замест афіцыйных, прылізаных версій. А з другога, было смешна глядзець на ўвесь «афіцыёз» — яны там то чырванелі, то зелянелі, то бялелі. Бо ветэрана на паўслове не спыніш і са сцэны не прагоніш, а што рабіць — незразумела. Вось тады я ўпершыню пачаў думаць аб тым, якой насамрэч была вайна.

Чытайце таксама:

«Быць бацькам для цэлай краіны адказна ўдвая». Кадэтаў сагналі, каб павіншаваць Лукашэнку з Днём бацькі

У Оршы пабудуюць грандыёзны вайскова-патрыятычны цэнтр для дзяцей і моладзі

«Адважна выйшлі на перадавую»: як «Патрыёты Беларусі» вучаць школьнікаў любіць краіну

Клас
39
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
11
Абуральна
14