Скрын з трэйлера серыяла

Скрын з трэйлера серыяла

Мы ў невялічкім горадзе. Верагодна, недалёка Беларусь, бо нам часам дэманструюць дым з труб буйнога прадпрыемства — мяркуючы па кантэксце, гаворка мусіць быць пра АЭС у Астраўцы. Але ж поле дзеяння — Літва, і героі — літоўцы.

Перш за ўсё гэта муж і жонка, якім не па статусе марнець у гэтай глухмені: яна — навукоўка, ён — дастаткова разумны чалавек, каб ладзіць сваё расследаванне вакол падзей у раёне. А расследаваць тут ёсць што, бо каля АЭС знаходзіцца сакрэтная база расійскіх вайскоўцаў, і нам намякаюць, што там адбываецца нешта дрэннае.

На двары 2029-ты, але мігранцкі крызіс усё яшчэ цягнецца, і, відаць, еўрапейскія палітыкі схіляюцца да радыкальных рашэнняў накшталт сцяны на мяжы з Беларуссю — згадайце трампаўскую сцяну на мяжы з Мексікай. Нам пакажуць літоўскіх памежнікаў, якія спадзяюцца, што калі на мяжы паставяць гэтую сцяну, то працы ў іх стане менш. Але ж адзін з іх няшчыры ў хваляванні за мяжу, бо супрацоўнічае з мясцовымі кантрабандыстамі, хаця і спрабуе вырвацца з гэткай працы. Мігранты ў серыяле таксама з'явяцца, у тым ліку і ў ролі ахвярнага казла.

У гэтым свеце, дзе кожны выжывае як можа, сітуацыя абвастраецца яшчэ больш. Пачынаецца ўсё адносна нявінна: у навукоўкі дохнуць куры. Яна падазрае, што рэч ва ўгнаеннях суседа-пчаляра, але і той у разгубленасці, бо ў яго паміраюць пчолы. Станцыя чамусьці пачынае свяціцца зялёным, сувязь у раёне прападае, у зямлі з’яўляюцца трэшчыны, і ўрэшце наваколле проста затапляе. На станцыі здарылася катастрофа, трэба бегчы, але як гэта зрабіць, калі навокал вада?

Дзеянне ў «Востраве» развіваецца няспешна, часам і занадта павольна. Стваральнікі серыяла выкарыстоўваюць мінімум лакацый: вясковыя прасторы, адзін ці некалькі старых будынкаў з яўна савецкім мінулым і дамкі рознай ступені захаванасці — і мінімум мантажу. Вынікам стала адсутнасць эмацыйных кадраў, як гэта бывае ў фільмах-катастрофах.

Скрын з трэйлера серыяла

Скрын з трэйлера серыяла

Сцэнар «Вострава» не спрыяе разважанням ды аналізу, героі ў ім нешматслоўныя і няздольныя на яркія дыялогі. Часам чакаеш ад іх большай эмацыйнасці — напрыклад, перад пагрозай зняволення. З іншага боку, і такія серыялы, без прэтэнзій на вялікую глыбіню, таксама маюць права на жыццё, тым больш што закладзеная ў сцэнар сюжэтная лінія насамрэч арыгінальная — антыўтопія на беларускай мяжы. Здаецца, гэтая лінія і ёсць тое, што робіць серыял у цэлым прыдатным для таго, каб патраціць на прагляд вольны вечар, калі няма лепшай альтэрнатывы. Але ж хацелася б лепш разумець матывацыю герояў, чаму яны робяць тыя ці іншыя ўчынкі. Напрыклад, навошта адна з галоўных гераінь хоча збегчы з горада яшчэ да патопу? 

Займальна і сумна, што літоўцы вырашылі размясціць антыўтопію менавіта на беларускай мяжы, што звязалі яе з аб’ектам у нашай краіне — АЭС у Астраўцы — і з мігранцкім крызісам, за які адказныя беларускія ўлады. Яшчэ больш сумна, што нашы суседзі дапускаюць думку, што ў 2029-м ім давядзецца адгароджвацца ад Беларусі сцяной і збягаць ад расійскіх вайскоўцаў з іх сакрэтнымі місіямі на літоўскай тэрыторыі. Хацелася б верыць у іншую будучыню.

На сёння выйшла шэсць з васьмі эпізодаў серыяла. Іх можна паглядзець на сайце літоўскай платформы-вытворцы.

Рэжысёр Кашперскі — пра новы серыял, «Беларусьфільм» як хорар і жонак кітайскіх міністраў

10 перспектыўных серыялаў гэтай восені

Якім стане свет, калі кожны атрымае базавы даход, а руцінную працу будзе выконваць штучны інтэлект? Адказы шукае фільм «Пасля працы»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?