Дзяніс Карась. Фота: novaya.by

Дзяніс Карась. Фота: novaya.by

Пратэжэ Качанавай?

Работнікі «Нафтана», дзе раней працаваў Дзяніс Карась, мяркуюць, што той трапіў у Палату прадстаўнікоў, дзякуючы заступніцтву старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.

Яна кіравала наваполацкім гарвыканкамам, калі Карась з неўтаймаваным энтузіязмам прабіваўся «хоць на якую, але кіроўную пасаду ў прафкам прадпрыемства». Яго ўпартасць была заўважаная.

Калі ў Наваполацк прыязджае Наталля Качанава, то на нарадах побач з ёй сядзіць 45-гадовы Дзяніс Карась.

Наталля Качанава і леваруч ад яе Дзяніс Карась на адной з нарадаў у Наваполацку. Фота: novaya.by

Наталля Качанава і леваруч ад яе Дзяніс Карась на адной з нарадаў у Наваполацку. Фота: novaya.by

У 2015 годзе будучы дэпутат атрымаў званне «Лепшага грамадскага інспектара па ахове працы ФПБ» у Белхімпрафсаюзе. За год работнік выявіў 1090 парушэнняў правілаў тэхнікі бяспекі, за якія шасцярых калег прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. У прафкаме Карася называлі перспектыўным маладым кіраўніком, а ў калектыве — пазбягалі. 

У Палату прадстаўнікоў Карась трапіў у 2019-м. Ён член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарту і сувязі.

Былыя калегі, знаёмыя з Карасём, лічаць, што паназіраць за парламенцкімі выбарамі ў Польшчы — яго ўласная ініцыятыва. Жаданне выслужыцца перад начальствам было характэрна для яго.

«Ён разумее, што важна заявіць пра такое, каб звярнуць на сябе ўвагу начальства, ад якога залежыць яго лёс. Такой была ідэя з Польшчаю. Справакаваць, каб раструбілі, што яго не пусцілі туды. А калі б пусцілі, то ён бы расказваў казкі, якія ў Польшчы выбары нячэсныя і як ушчамляюцца там правы выбаршчыкаў», — даводзіць былы калега Карася.

Шукаў, хто пакінуў пра яго надпіс на сцяне

Да дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Дзяніс Карась адпрацаваў на «Нафтане» амаль 25 гадоў. Ён выпускнік Наваполацкага політэхнічнага тэхнікума і Полацкага ўніверсітэта. На прадпрыемства прыйшоў юнаком.

«Ужо тады для яго быў характэрны падхалімаж. Ён ўсюды ўлазіў, каб паказаць, што ва ўсім разбіраецца. Часам гэта выглядала смешна, але ўспрымалася імкненнем хлопца зарабіць аўтарытэт», — апавядае работнік прадпрыемства.

У 30-гадовым узросце Карасю даверылі кіраваць адной з установак на асноўнай вытворчасці «Нафтана». Яго настаўнікам быў дасведчаны спецыяліст, з падказкі якога вучня паставілі начальнікам. Пазней адмысловец не хаваў, што памыліўся з выбарам.

Стаўшы начальнікам, Карась не хацеў нікога слухаць.

«Лічыў, што лепей за ўсіх ва ўсім разбіраецца. Тых, хто крытыкаваў яго метады кіраўніцтва і падыход да працы, знішчаў. Дасведчаныя аператары, якія дзясяткі гадоў адрабілі на вытворчасці, пераходзілі на іншыя ўчасткі ці наогул звальняліся», — расказваюць пра Карася.

Дзяніс Карась сустракаецца з працоўнымі калектывамі Наваполацка. Фота: house.gov.by

Дзяніс Карась сустракаецца з працоўнымі калектывамі Наваполацка. Фота: house.gov.by

На прадпрыемстве памятаюць, як у падсобным памяшканні цэха на сцяне нехта напісаў: «Карась — петух».

«Ён псіхаваў, шукаў хто мог тое зрабіць, але не адшукаў», — адзначае адзін з суразмоўцаў.

Яго мараю ў той час было старшыняванне ў прафкаме «Нафтана». Карась рэгулярна наведваўся ў адміністрацыю з рознымі ініцыятывамі, каб падлагодзіцца да кіраўніцтва. 

«Скандалы кіраўніцтву не патрэбныя»

Паводле работнікаў, на «Нафтане» меркавалі, што Карась даносіць у КДБ. Кіраўніцтва прадпрыемства рабіла ўсё, каб ініцыятыўны работнік застаўся падалей ад адміністрацыі. 

Кіраўніком прафкама прадпрыемства Дзяніс Карась не стаў. У яго біяграфіі адзначана, што ён на «Нафтане» быў намеснікам цэхавага прафсаюзнага камітэта на вытворчасці «Нафтавыя палівы і араматыка».

На прадпрыемстве памятаюць, як Карась спрабаваў стаць і старшынём цэхавага камітэта. Гэта пасада мела сваю выгаду. Старшыня цэхкама быў вызвалены ад працы на вытворчасці, а заробак яму плаціў галіновы прафсаюз.

Карась разам з начальнікам вытворчасці Усцінавым намагаўся арганізаваць «імпічмент» дзейнаму старшыні Караткевічу.

«Праз начальнікаў зменаў распаўсюджваліся паперы і проста ўнушалі аператарам, каб яны падпісаліся супраць Караткевіча, бо ён нічога не робіць. За Караткевіча заступіліся кіраўнікі іншых завадскіх падраздзяленняў», — згадвае былы работнік «Нафтана».

Па яго словах, кіраўніцтва прадпрыемства давяло Карасю, каб ён спрабаваў стаць кіраўніком прафсаюзнай ячэйкі на выбарах. З дапамогаю бунту мяняць старшыняў не прынята, бо скандалы кіраўніцтву прадпрыемства не патрэбныя.

На выбарах кандыдатура Карася не была падтрыманая. Мала таго, генеральны дырэктар «Нафтана» Аляксандр Дземідаў на прафсаюзным сходзе негатыўна выказаўся пра метады, якія выкарыстоўваў Карась, намагаючыся стаць прафсаюзным лідарам.

Карась тады задаволіўся толькі намесніцкай пасадай у цэхкаме.

«Калі хочаш, каб цябе пабілі — прыязджай»

На парламенцкіх выбарах у акрузе Карася большасць выбаршчыкаў «прагаласавала» датэрмінова і выявілася, што нафтанавец перамог.

«Калі падначаленыя Карася даведаліся, што ён ідзе ў дэпутаты, то хадзілі на іншыя ўстаноўкі і прасілі тамтэйшых работнікаў прагаласаваць за яго, каб ён сышоў. Ад яго самадурства ў цэху проста стаміліся», — кажа былы работнік «Нафтана».

Дзяніс Карась вядзе прыём грамадзян. Фота: novaya.by

Дзяніс Карась вядзе прыём грамадзян. Фота: novaya.by

Дзяніс Карась вывучыўся на ідэолага ў Акадэміі кіравання Лукашэнкі, там жа скончыў магістратуру па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне».

Карась двойчы быў жанаты. У яго трое дзяцей. У інтэрв'ю ён не прамінае адзначыць, што шматдзетны бацька. У 2020 годзе ён пахаваў маці.

Калі пачаліся пратэсты, дэпутат Палаты прадстаўнікоў прапаноўваў сваю кандыдату на перамовы з пратэстоўцамі, але яго ініцыятыўнасць не ўхвалілі.

«Яму сказалі адкрытым тэкстам: калі хочаш, каб цябе пабілі, то прыязджай. Ён не наважыўся», — кажа былы работнік прадпрыемства.

«Ён ціхушнік і вельмі баязлівы чалавек. Усё робіць за спінамі, у твар ніколі нічога не скажа», — расказваюць пра Карася.

Актыўная фаза пратэстаў на «Нафтане» прыйшлася на 14 жніўня 2020 года, а 17-га наведаўся супакойваць работнікаў старшыня КДБ Іван Церцель.

Сам Карась на сустрэчы з жыхарамі Наваполацка вінаваціў пратэстоўцаў і праціўнікаў Лукашэнкі ў тым, што яны прыдумалі фальсіфікацыі, а выбары прайшлі чэсна. Паводле яго, улада робіць усё правільна, каб рухацца далей.

Да 2022 года на «Нафтане» дзейнічала суполка «Беларускага незалежнага прафсаюзу». Пасля выбараў у яе запісалася блізу 500 работнікаў. Частка з іх пазней трапіла пад пераслед.

У віцебскім СІЗА цяпер Вольга Брыцікава, Аляксандр Кухаронак. На стачкамаўцаў заведзена крымінальная справа за заклікі да санкцыій.

Глядзіце таксама:

Больш за 15 мільярдаў даляраў. Расійскі нафтагазавы грант Лукашэнку ў год нападу на Украіну быў рэкордным у гісторыі

Абструкцыя, зробленая Лукашэнку работнікамі МЗКЦ, стала наймацнейшым псіхалагічным ударам

Да 15 гадоў калоніі. Агучылі выракі ў справе «Рабочага руху»

«Наталля Іванаўна, калі трэба сабраць подпісы, мы збяром». Улады нагнятаюць гамафобную істэрыю

Гісторыя жыцця Наталлі Качанавай: як валейбалістка з водаканала стала самай высокапастаўленай жанчынай Беларусі

Клас
5
Панылы сорам
9
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
26

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?