Сезоннасць уплывае на цэны на дачныя дамы. У лістападзе ўласнікі найбольш згаворлівыя, гэта найлепшы месяц для гандлю, расказала Realt.by спецыяліст агенцтва «Паверхі фортэ» Святлана Нікіцюк.

«Ужо ў снежні і студзені прадаўцам гандлявацца не так цікава: колькі там засталося да вясны, усе пачынаюць рыхтавацца да пачатку новага сезона», — дадае яна.

Каля 90% прададзеных у верасні садовых дамоў — да 30 тысяч даляраў.

Менеджарка па загараднай нерухомасці агенцтва «Твая сталіца» Ларыса Самусенкова кажа, што, прадаючы дачу ў пачатку сезона, можна разлічваць на больш высокую цану ў параўнанні з тым, што мы бачым з лістапада да лютага.

«Растлумачу, чаму называю менавіта люты. Мы заўсёды рэкамендуем выстаўляць на продаж дачу з пачатку лютага, і пры гэтым важна прывесці дом у парадак. І гаворка ідзе нават не пра рамонт, а проста пра тое, каб, напрыклад, прыбраць непатрэбныя рэчы, бо менавіта на дачы часцяком яны запасяцца — каб патэнцыйны пакупнік на фота і пры наведванні ўбачыў не адбітак мінулага жыцця лецішча, а гатовы да набыцця аб'ект».

Але калі браць не лецішчы, а дамы для круглагоднага пражывання, то іх добра купляюць у любыя месяцы і на ўступкі асабліва разлічваць не варта.

Што тычыцца цэн, па прагнозах Ларысы, чакаць іх павышэння не варта.

«Што будзе з цэнамі, у першую чаргу будзе залежаць ад курсу даляра і даступнасці крэдытаў. Крэдыты бяруць не толькі на кватэры, але і на загараднае жыллё — па даных нашага іпатэчнага цэнтра, імі карыстаецца траціна пакупнікоў. Калі крэдыты сыдуць і/або моцна падымаецца даляр, то гэта моцна ўдарыць па цэнах — у бок зніжэння. Спадзявацца на рост цэн не даводзіцца.

Нагляднае пацверджанне можна было ўбачыць у апошні месяц — як толькі даляр пайшоў расці, мы заўважылі, што актыўнасць пакупнікоў да загараднай нерухомасці стала памяншацца — гаворка ідзе і пра лецішчы, і пра жылыя дамы».

Чытайце таксама:

Цэны растуць, новыя кватэры ў «Мінск Свеце» практычна разабралі. Што адбываецца на рынку нерухомасці

Вось які дом на Нарачы прадалі за паўмільёна даляраў

Пад Мінскам прадаюць катэдж: мэбля Versace і італьянскія жырандолі. Што па цане?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?