Абноўлены праект зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва, які прыйшоў на змену састарэламу варыянту 2005 года, набыў моц 31 жніўня 2023 года. Пра новаўвядзенні ў ім распавядаюць актывісты аховы помнікаў.

Сярод іншага каштоўнай забудовай былі прызнаныя многія міжваенныя і пасляваенныя будынкі ў абласным цэнтры. Адным з такіх стаў і дом знакамітага спевака Барыса Маісеева.

Гэтай падзеі папярэднічала падвышэнне ў 2020 годзе статусу гістарычнага цэнтра з 3-й катэгорыі (помніка рэгіянальнага значэння) да 2-й катэгорыі (помніка нацыянальнага значэння). Праз год рада пры Мінкультуры вырашыла пашырыць межы гістарычнага цэнтра на поўнач, дацягнуўшы іх да міжваеннага ансамблю, які сфармаваўся вакол плошчы Леніна, калі сюды планаваўся перанос сталіцы БССР. Усе гэтыя змены вымагалі неадкладнай перапрацоўкі ахоўных зон.

У новым дакуменце былі ўдакладнены межы граніц ахоўных зон, уведзены новыя, а таксама пашыраны спіс аб’ектаў, якія адносяцца да шараговай і каштоўнай забудовы. Многія будынкі перакачавалі са старога дакумента, але з’явіліся і цэлыя новыя раёны, забудаваныя пераважна міжваеннымі і пасляваеннымі будынкамі.

«Шэры дом» у XX стагоддзі. Фота: Wikimedia Commons

«Шэры дом» у XX стагоддзі. Фота: Wikimedia Commons

Адным з такіх раёнаў стала Мянжынка, раён на захад ад цэнтра, які гістарычна называўся Заваллем, бо тут праходзіла апошняя, трэцяя лінія гарадскіх умацаванняў горада. За савецкім часам вуліцу ўздоўж былога вала перайменавалі ў гонар партыйнага дзеяча Вячаслава Мянжынскага — адкуль і пайшла новая народная назва.

У 1930-я гады гэты раён актыўна забудоўвалі, так на рагу з вуліцай Чалюскінцаў, недалёка ад месца, дзе стаяла Быхаўская брама, пабудавалі чатырохпавярховы дом. Гэта ўжо быў постканструктывізм, які праз наяўнасць класічнага дэкору часта блытаецца з пасляваенным «сталінскім ампірам».

Гэты будынак праз свой колер атрымаў мянушку «шэры дом». На першым паверсе размяшчаўся гастраном, які насіў такую ж назву. Пазней краму перанеслі ў дом праз дарогу, але яна так і не згубіла сваю назву. Сёння, як адзначаюць актывісты, ніякай павагі да гісторыі ў горадзе не засталося, таму яго пафарбавалі ў зялёны колер.

Мемарыяльная дошка Барысу Маісееву на «шэрым доме». Усе фота: mogilevonline / Telegram

Мемарыяльная дошка Барысу Маісееву на «шэрым доме». Усе фота: mogilevonline / Telegram

Менавіта ў гэтым «шэрым доме» па вуліцы Чалюскінцаў, 54 пражыў першыя чатырнаццаць гадоў свайго жыцця, з 1954 да 1968, будучы поп-спявак Барыс Маісееў. Байку пра тое, што ён нарадзіўся ў жаночай папраўчай калоніі, запусціў сам спявак і рэгулярна ў розных інтэрпрэтацыях распавядаў у інтэрв'ю.

Скончыўшы школу Барыс адправіўся ў Мінск, дзе і атрымаў адукацыю класічнага танцоўшчыка ў Мінскім харэаграфічным вучылішчы. Далей працаваў галоўным балетмайстрам літоўскага аркестра «Трымітас», стварыў трыа «Экспрэсія», дзе будучую зорку расійскай эстрады заўважыла Ала Пугачова.

Маісееў на пачатку 1990-х адным з першых на постсавецкай прасторы зрабіў камінг-аўт і стаў прэзентаваць сябе як спевака-гомасэксуала, што знайшло адлюстраванне і ў яго рэпертуары, але гэта не перашкаджала яго вялікай папулярнасці ў 1990-я.

Памёр спявак летась 27 верасня на 69-м годзе жыцця ў Маскве. Сёлета ў горадзе вырашылі ўшанаваць свайго знакамітага ўраджэнца. У рамках афіцыйнай праграмы закрыцця фестывалю «Славянскі базар» у Віцебску, на «шэрым доме», дзе вырас спявак, у сярэдзіне ліпеня была ўсталявана мемарыяльная шыльда з профілем Маісеева. Па крузе размешчаная цытата спевака: «Я люблю гэты горад, я люблю гэты дом».

Будынак доўгі час не меў ніякай аховы, але цяпер быў прызнаны дзяржавай каштоўнай шараговай забудовай. Будынак нельга знішчаць, змяняць габарыты і фасады, а таксама забаронена праводзіць любую дзейнасць, якая прывядзе да страты ім адметных духоўных, мастацкіх і дакументальных вартасцей аб’ектаў. Да такіх вартасцей цалкам можна аднесці і шыльду Маісееву.

Зялёны «шэры дом» у Магілёве, дзе вырас Маісееў. Фота: Wikimedia Commons

Зялёны «шэры дом» у Магілёве, дзе вырас Маісееў. Фота: Wikimedia Commons

Але шыльдзе былі радыя не ўсе. Гэтаму ўшанаванню «першапраходца на ніве прапаганды гомасэксуалізму» абурыліся прарасійскія блогеры з кола Вольгі Бондаравай. Пасля гэтага выпадку яны пайшлі ў яўную атаку на абласны цэнтр, пішучы скаргі на мясцовы «музей БДСМ» і сэкс-шоп, а таксама на бчб-стужкі, якія прымроіліся ім на магілёўскім аўтобусе, заклікаючы па гэтых тэмах і шыльдзе Маісееву абрываць тэлефоны магілёўскіх чыноўнікаў. 

Але іншыя лукашысцкія блогеры папярэджваюць Бондараву, што праз такія спам-атакі з нагоды выдуманых ЛГБТ-змоваў і дылетанцкіх трактовак гісторыі, можа хутка скончыцца цярпенне ў службовых асоб, бо нервы ў іх «не гумовыя».

Чытайце таксама:

«Мегатоп» зняў рэкламу, дзе мужчына ў ружовым парадзіруе Кэры Брэдшоу. І нарваўся на ГУБАЗіК

«Нервы службовых асоб не гумовыя». Частка праўладных блогераў не ўхваляе пастаянныя даносы

Лукашыстаў занепакоіла знішчэнне спадчыны. Але ёсць нюанс

Клас
6
Панылы сорам
7
Ха-ха
21
Ого
4
Сумна
7
Абуральна
10

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?