Аварыя аўтобуса з турыстамі ў Венецыі. Фота: Antonio Calanni / AP

Аварыя аўтобуса з турыстамі ў Венецыі. Фота: Antonio Calanni / AP

Прынамсі 21 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, загінулі пасля таго, як аўтобус зляцеў з эстакады блізу італьянскай Венецыі і загарэўся, піша Бі-бі-сі — Украіна.

Мясцовыя ўлады паведамілі, што сярод загінулых ёсць украінцы. Выданні Repubblica і Ansa называюць іх колькасць — прынамсі пяцёра.

Як паведамляюць мясцовыя СМІ, яшчэ 18 чалавек атрымалі раненні ў выніку аварыі. Сярод іх у цяжкім стане пяць чалавек. Мясцовыя СМІ пішуць, што сярод цяжкапараненых ёсць украінцы — 4-гадовая дзяўчынка і 50-гадовая жанчына.

Асобы 14 загінулых яшчэ не ўстанавілі.

Аўтобус прабіў шлагбаум і ўпаў каля чыгуначных шляхоў у раёне Местрэ, які злучаецца з Венецыяй мостам.

Паводле паведамленняў, ён быў арандаваны для перавозкі турыстаў паміж Венецыяй і кемпінгам у суседнім раёне Маргера.

Мэр Венецыі Луіджы Бруньяра заявіў, што адбылася «вялікая трагедыя». «Апакаліптычная сцэна, няма слоў», — напісаў ён у X.

Інцыдэнт адбыўся прыкладна а 19:45 паводле мясцовага часу (17:45 паводле Грынвіча), калі аўтобус вяртаўся з турыстамі ў кемпінг.

Паводле некаторых паведамленняў, аўтобус, які працаваў на метане, упаў на лініі электраперадачы і загарэўся.

«Фактарам павелічэння наступстваў стаў метан, і пажар хутка распаўсюдзіўся», — сказаў міністр унутраных спраў Матэа Піянтэдосі, папярэдзіўшы, што колькасць загінулых можа ўзрасці.

Губернатар рэгіёну Лука Зая сказаў, што сярод загінулых і параненых ёсць людзі «розных нацыянальнасцяў, не толькі італьянцы».

Прычына аварыі пакуль невядомая, на месцы здарэння працягваюць працаваць ратавальнікі.

Прэм'ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні заявіла, што сочыць за развіццём падзей, і выказала спачуванні.

Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што падтрымлівае італьянскіх лідараў у гэты «момант глыбокага болю».

Чытайце таксама:

У Венецыі аўтобус з турыстамі зваліўся з эстакады з вышыні 10 метраў, зачапіў электрычныя драты і загарэўся. Больш за 20 чалавек загінулі

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
22
Абуральна
2