Фота: сайт Бі-бі-сі
На поўначы Англіі паліцыя арыштавала 16-гадовага падлетка па падазрэнні ў знішчэнні трохсотгадовага клёна, які называлі «дрэвам Робін Гуда», піша Бі-бі-сі.
Паводле звестак паліцыі, цяпер падлетак знаходзіцца пад вартай і дапамагае афіцэрам у расследаванні. Паліцыя падазрае, што гэта быў наўмысны акт вандалізму. Паліцэйскія, як і наглядчыкі парку, якія прыбылі да ссечанага клёна, лічаць, што «дрэва па-майстэрску зрэзаў бензапілой чалавек, які ведаў, што робіць».
Аднак паліцыя заклікае не рабіць заўчасных высноў: расследаванне толькі пачалося.
Старажытны клён рос у мястэчку Сікамор-Гэп і стаў вядомы пасля выхаду ў 1991 годзе фільма «Робін Гуд: Прынц зладзеяў» з Кевінам Костнерам і Аланам Рыкманам у галоўных ролях. Костнер сыграў Робін Гуда, а Алан Рыкман — шэрыфа з Нотынгема.
Прадстаўнік паліцыі Кевін Уорынг назваў загубленае дрэва «сусветна вядомай славутасцю». Паводле яго слоў, гэтая страта адгукнулася «горам і гневам» у сэрцах многіх людзей. Мясцовая жыхарка сказала, што гэта падобна да «крадзяжу радасці».
Велізарны белы клён (явар) некалькі стагоддзяў рос у невялікай лагчыне «Сікамор-Гэп» (даслоўна назва перакладаецца як «лагчына Сікаморы» — так у Англіі называюць белыя клёны). Лагчына перасякае помнік рымскага перыяду ў гісторыі Брытанскіх астравоў — Вал, або Сцяну Адрыяна.
Каля дрэва пакідалі памятныя каменьчыкі з надпісамі, развейвалі прах дарагіх людзей, рабілі прапановы і ладзілі сямейныя пікнікі. Мэр Джэймс Дрыскала, які кіруе трыма графствамі на поўнач ад ракі Тайн, сказаў: «Яно было часткай нашай калектыўнай душы».
Чытайце таксама:
Памёр акцёр Майкл Гэмбан, вядомы па ролі Дамблдара
У Латвіі рэканструявалі аўтамабіль з культавага савецкага баевіка
«Ашаламляе». Крытыкі ў захапленні ад «Дзікага палявання караля Стаха»





