Ілан Маск. Фота: Nathan Laine / Bloomberg via Getty Images
Кампанія ставіць сваёй мэтай злучыць мозг чалавека з камп'ютарам і для праверкі сваіх новых тэхналогій запрашае людзей, якія пакутуюць ад паралюшу, піша BBC.
Паводле задумы даследчыкаў, ужыўлены ў мозг імплантат зможа перадаваць нервовыя імпульсы, якія будуць расшыфроўвацца, і паралізаваны чалавек зможа, да прыкладу, набіраць тэкст на кампʼютары адной толькі сілай думкі.
У маі пасля некалькіх няўдалых спроб Neuralink атрымала дазвол ад Упраўлення кантролю якасці харчовых прадуктаў і лекавых прэпаратаў ЗША (FDA) на правядзенне клінічных выпрабаванняў на людзях.
Першапачаткова кампанія дамагалася дазволу на ўжыўленне імплантатаў 10 добраахвотнікам, але колькі эксперыментаў у выніку ёй было дазволена правесці, не паведамляецца.
Сіла думкі
Як гаворыцца ў заяве кампаніі, у пачатку эксперымента, які разлічаны на шэсць гадоў, робат хірургічна ўжывіць добраахвотнікам ва ўчастак мозга, які адказвае за рух, 64 гнуткія сеткі, танчэйшыя за чалавечы волас.
Гэта дазволіць імплантату з батарэяй, што зараджаецца бескантактна, запісваць і перадаваць сігналы мозгу ў адмысловую праграму, здольную расшыфроўваць, якія рухі мае намер зрабіць чалавек.
У кампаніі кажуць, што ў эксперыментах могуць узяць удзел людзі, якія пакутуюць ад квадрыплегіі, ці паралюшу ўсіх чатырох канечнасцяў, выкліканага траўмай, або ад бакавога аміятрафічнага склерозу (БАС) — захворвання, пры якім адбываецца дэгенерацыя нервовых клетак спіннога і галаўнога мозга.





