«Поўным абсурдам выглядаюць абвінавачанні Беларусі ў дапамозе агрэсіі. Нагадваю, што ў мінулым годзе на тэрыторыі нашай краіны прайшло тры раўнды расійска-ўкраінскіх мірных перагавораў», — сказаў міністр.

Ён зазначыў, што з сакавіка 2022 года Беларусь стала «бесперашкодна прымаць на сваёй тэрыторыі ўкраінцаў і ўсіх замежных грамадзян, якія ратуюцца ад баявых дзеянняў ва Украіне».

«Спецыяльным рашэннем кіраўніцтва краіны яны практычна ўраўнаваныя ў правах з нашымі грамадзянамі. Хто-небудзь з краін Захаду прыняў такія рашэнні?!» — задаў пытанне Сяргей Алейнік.

Паводле яго, з канца лютага 2022 года ў Беларусь прыбыло каля 120 тысяч украінскіх бежанцаў.

«Гэта амаль 1,5% насельніцтва нашай краіны! Як вы думаеце, адчуваючы ад нас агрэсію, гэтыя людзі прыбывалі б добраахвотна ў Беларусь? Адказ відавочны і лагічны», — сказаў Алейнік.

Міністр дадаў, што Беларусь «нясе гэтую нагрузку самастойна, а замест садзейнічання атрымлівае толькі незаконныя санкцыі з боку Захаду».

«Мы афіцыйна запрасілі Генеральнага сакратара ААН наведаць Беларусь з візітам асабіста або накіраваць сваіх прадстаўнікоў для вывучэння сітуацыі на месцы. Нашы межы адкрытыя, і мы адкрытыя да канструктыўнага супрацоўніцтва», — запэўніў Сяргей Алейнік.

Таксама Алейнік дадаў, што «Беларусь, як ніхто іншы, зацікаўленая ў больш хуткім урэгуляванні канфлікту ва Украіне».

Аналізуючы перспектывы заканчэння вайны, міністр дадаў у сваю прамову традыцыйнай антызаходняй рыторыкі. «Заходнія калегі красамоўна выказаліся на гэты конт. Некаторыя адкрыта заявілі, што яны і не планавалі завяршаць гэты канфлікт, а сёння маюць намер ваяваць да апошняга ўкраінца».

У верасні Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў «удзел рэжыму Лукашэнкі» ў вайне Расіі супраць Украіны, распальванні нянавісці, дэзынфармацыі і прапагандзе, «якая пераклікаецца з ваяўнічай рыторыкай Масквы». 

Еўрапарламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы ордара на арышт Лукашэнкі, сказана ў тэксце рэзалюцыі, падпісанай у Страсбургу. 

Колькасць украінскіх бежанцаў у Еўропе дасягнула 10 млн чалавек, заявіў камісар Еўрапейскага саюза па ўнутраным рынку Цьеры Брэтон. Больш за ўсіх бежанцаў прымаюць Польшча, Венгрыя і Чэхія. У Чэхіі, па словах Брэтона, колькасць мігрантаў з Украіны складае 440 тысяч чалавек — гэта 4% ад насельніцтва краіны.

Клас
2
Панылы сорам
23
Ха-ха
11
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
17