Святлана Ціханоўская прэзентуе праект альтэрнатыўнага беларускага пашпарта ў Еўрапарламенце. 13 верасня 2023 года. Фота: Офіс Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская прэзентуе праект альтэрнатыўнага беларускага пашпарта ў Еўрапарламенце. 13 верасня 2023 года. Фота: Офіс Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская 13 верасня заклікала Еўрапейскі парламент падтрымаць дэмакратычную Беларусь і дапамагчы прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку. Франак Вячорка адзначае, што Святлана Ціханоўская, якая не з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, выступала ў Еўрапарламенце трэці раз за тры гады.

«Дэмакратычная лідарка Беларусі прамаўляла 16 хвілін адразу пасля прэзідэнткі Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен, што беспрэцэдэнтна», — адзначае Вячорка.

Гэтым, як даводзіць Вячорка, Еўрапарламент паказаў, што яго прыярытэт — дэмакратычная і свабодная Беларусь.

Дарадца Ціханоўскай адзначае, што ў прынятай Еўрапарламентам рэзалюцыі па Беларусі рэжым Лукашэнкі прызнаны саўдзельнікам расійскай агрэсіі супраць Украіны і мае быць прыцягнуты да адказнасці за злачынства. У ёй гаворыцца аб неабходнасці ўвядзення санкцый і арышту маёмасці Лукашэнкі.

Вячорка кажа, што рэзалюцыя хоць і мае статус мяккага закона, які не абавязковы да выканання, але ёю Еўрапарламент задаў парадак дня на наступны перыяд сваёй працы.

Дарадца Ціханоўскай кажа, што зараз задача дэмакратычнай супольнасці палягае ў тым, каб рэзалюцыю зрабіць асновай для выпрацоўкі стратэгіі Еўрасаюза па Беларусі.

«Гэта была важная сесія перад Генасамблеяй ААН, на якую збяруцца ўсе кіраўнікі дзяржаў, і гэтак Еўрапарламент уводзіць у міжнародны дыскурс тэму вызвалення Беларусі, пакарання рэжыму і яго саўдзел у вайне», — акцэнтуе ўвагу Вячорка.

Франак Вячорка кажа, што ў абыход пратаколу і забароны на дэманстраванне з трыбуны Еўрапарламента сімволікі Ціханоўскай было дазволена ўзняць бел-чырвона-белы сцяг і паказаць пашпарт новай Беларусі з трыбуны.

Па яго словах, выступ Ціханоўскай быў не толькі пра актуальную праблематыку, але ў ім акцэнтавалася ўвага на фундаментальным убудаванні беларускага кантэксту ў еўрапейскі.

«Eўрапарламентары не забудуць, што такое бел-чырвона-белы сцяг, хто такі Скарына. Яны будуць пераказваць тое, што агучыла Ціханоўская, у сваіх парламентах і фракцыях, а калі стануць міністрамі, працягнуць гэту палітыку падтрымкі дэмакратычнай Беларусі», — мяркуе Вячорка.

«Чым больш людзей мы зарадзім беларушчынай, каб ім балела за Беларусь, тым больш саюзнікаў будзе ў доўгатэрміновай перспектыве», — лічыць ён.

Святлана Ціханоўская і Франак Вячорка ў Еўрапарламенце. Фота: Офіс Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская і Франак Вячорка ў Еўрапарламенце. Фота: Офіс Ціханоўскай

Вячорка мяркуе, што такой увагі да сітуацыі ў Беларусі не было з 2006 года, калі Аляксандр Мілінкевіч быў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцтва. Затым на 15 гадоў надышло зацішша і «нават заігрыванне з Лукашэнкам».

«Цяпер Беларусь зноў у цэнтры ўвагі, і мы можам збудаваць трывалы фундамент адносінаў з Еўрасаюзам, які дапаможа пры любой новай сітуацыі многага дабіцца», — адзначае Вячорка.

Па яго словах, на адной з сустрэч у Еўрапарламенце прагучала прапанова рыхтаваць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.

Вячорка нагадвае, што такое пагадненне ў 2013 годзе не стаў падпісваць тагачасны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч і гэта прывяло да Майдану.

«Але менавіта тое пагадненне адчыніла дзверы для Украіны ў Еўрасаюз. Нам не трэба чакаць, пакуль абрынецца дыктатура, а падрыхтаваць усё загадзя, каб не марнаваць часу на дэбаты», — адзначае Вячорка.

Ён спадзяецца, што ў снежні на пасяджэнні кансультатыўнай групы «ЕС — Беларусь» можа адбыцца фармалізацыя адносінаў з Еўрасаюзам.

Дарадца Ціханоўскай дадае, што напярэдадні сесіі Еўрапарламента была разгорнутая выстава з партрэтамі сотняў палітвязняў.

Адбылася Канферэнцыя Каліноўскага, дзе eўрапарламентары з лідарамі дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці абмеркавалі важныя тэмы беларускага парадку дня. У ёй удзельнічаў былы палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка.

На самой сесіі выступіла Наталля Радзіна, якая звычайна крытыкуе Ціханоўскую. Але ў яе прамове, як заўважае Вячорка, разыходжанні ў пазіцыі з дэмакратычнай лідаркай не былі настолькі істотнымі.

Франак Вячорка кажа, што «ўся сёлетняя восень будзе прысвечаная вяртанню Беларусі ў міжнародны парадак дня.

16 верасня прадстаўнікі Кабінета Ціханоўскай накіроўваюцца на Генеральную Асамблею ААН. На яе прыедзе і дэлегацыя афіцыйнага Мінска. Гэта адбудзецца другі раз, нагадвае Вячорка.

«Становіцца нормай, што дэмакратычная Беларусь прадстаўленая на Генасамблеі ААН. Там адбудуцца дзясяткі сустрэч, і будуць магчымасці выказацца. Наша задача, каб як мага больш актараў далучаліся да гэтага з беларускага і міжнароднага бакоў», — адзначае ён.

Вячорка кажа, што прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці запрошаныя на Варшаўскую канферэнцыю па бяспецы, на якой запланаваны сустрэчы на высокім узроўні. Потым будуць парламенцкая сустрэча НАТА і канферэнцыя АБСЕ па чалавечым развіцці. У снежні мае пачацца стратэгічны дыялог з ЗША.

«Дабіцца рэальнага поспеху можна тады, калі дэмакратычныя сілы, незалежныя арганізацыі і медыя будуць пасылаць адны мэсэджы, што варта вызваліць палітвязняў, дэмантаваць дыктатуру, пакараць злачынцаў, вывесці расійскія войскі з Беларусі», — заклікае Вячорка.

Паводле яго, «такія паўтарэнні здаюцца нуднымі для нас, але яны неабходныя, бо мы канкуруем з сотняй іншых праблем у свеце. Таму трэба цярпліва паўтараць і дабівацца свайго».

Глядзіце таксама:

Закрыцця граніц пакуль не будзе, канфрантацыя спала. Спыталі ў экспертаў, ці можна гаварыць пра пачатак адлігі паміж Мінскам і ЕС

Расіяне скардзяцца, што ў іх няма лідара накшталт Ціханоўскай. Беларусы ім адказалі, чаму так

Ціханоўская ўзнагародзіла старшыню Еўрапарламента

Ціханоўская абмеркавала з прэм'ер-міністрам Балгарыі праект «пашпарта новай Беларусі»

«Ніхто і ніколі не зможа адабраць нашу любоў да цябе». Святлана Ціханоўская — у дзень нараджэння мужа

Клас
61
Панылы сорам
3
Ха-ха
10
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
10

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?