Здымак ілюстрацыйны. Фота: piligrim.ua

Здымак ілюстрацыйны. Фота: piligrim.ua

Індыя: экзотыка на беларускім рынку

Цяпер, калі мноства звыклых краін для адпачынку сталі цяжкадаступныя, беларусы адкрываюць для сябе новыя напрамкі, і Індыя ў іх ліку.

11 жніўня ў краіну вылецеў першы рэйс з Мінска. Цяпер самалёты ў Дэлі лётаюць раз на тыдзень, а з канца верасня будуць двойчы на тыдзень.

«У верасні турыстам у Індыі прапануюцца экскурсійны туры, да прыкладу, «Залаты трохкутнік», «Залаты трохкутнік Індыі +Кхаджураха». Туры тыднёвыя, цэны стартуюць ад 1250 даляраў на чалавека. У гэты кошт уваходзяць пералёт, пражыванне ў гатэлях катэгорыі не менш за 4*, харчаванне «сняданак+вячэра», экскурсійная праграма, уваходныя квіткі па праграме», — расказала куратарка па напрамках кампаніі «Тайм Ваяж» Вераніка Махіна.

З кастрычніка беларусы ўжо могуць адпачнуць у Гоа. Камбінаваны тур, які ўключае ў сябе экскурсійную праграму плюс адпачынак на моры (6 дзён+6 начэй), абыдзецца ад 3690 даляраў на дваіх. Тур на двух чалавек на тыдзень у Гоа ў гатэлі катэгорыі 3* будзе каштаваць ад 2290 даляраў (харчаванне «сняданкі»). За адпачынак у добрай «пяцёрцы» неабходна будзе заплаціць 4612 даляраў за дваіх.

Па словах Веранікі Махінай, у далейшым плануецца арганізоўваць у Індыю ёга-туры і аюрведычныя туры.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freshim.ru

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freshim.ru

Спецыялістка падкрэсліла, што пры падрыхтоўцы тураў у Індыю тураператар пастараўся ўключыць у цану максімальна большую колькасць паслуг. Усе экскурсійныя праграмы ідуць з уваходнымі квіткамі, таксама ў кошт ужо ўключаны ўнутраны пералёт з Дэлі ў Гоа.

«Лічым, што адпачынак у Індыі — гэта па-свойму ўнікальны прадукт, пэўная экзотыка на беларускім рынку, — заўважыла намесніца дырэктара тураператара «Тайм Ваяж» Вольга Яроменка. — Мы ўжо атрымалі зваротную сувязь ад першых турыстаў — беларусам вельмі спадабаўся адпачынак і сама краіна. Што тычыцца цаны, лічым, што яна для тураў па гэтым напрамку больш чым адэкватная».

Егіпет: Марса-Алам — добрыя гатэлі, годны сэрвіс

З 16 кастрычніка стартуе чартарная праграма ў Марса-Алам. Гэта яшчэ адзін курорт у Егіпце, які менш вядомы беларусам у параўнанні з Хургадой і Шарм-эль-Шэйхам.

«Першыя ланцужкі рэйсаў амаль закрытыя, — распавялі ў кампаніі «Аэрабелсэрвіс». — Гэта курорт для сямейнага адпачынку, тут шмат новых гатэляў, ён не шматлюдны, і тут шырокія выдатныя пляжы. Харчаванне і сэрвіс тут на добрым узроўні. Курорт спадабаецца тым, хто аддае перавагу больш спакойнаму адпачынку і любіць паназіраць за падводным светам».

Мінімальны кошт адпачынку ў канцы кастрычніка на дваіх на «ўсё ўключана» на 9 начэй — 2180 даляраў. Калі хочацца чагосьці круцейшага (пяцізоркавы гатэль), то ўжо прыйдзецца заплаціць каля 3450 даляраў на дваіх.

«Калі параўноўваць, да прыкладу, з Хургадой, то за тыя ж грошы на курорце Марса-Алам гатэль будзе па ўзроўні лепшы, чым у Хургадзе», — растлумачылі спецыялісты турыстычнай галіны.

ААЭ і Катар: адпачынак даражэйшы, чым летам

З кожным годам усё папулярнейшымі ў турыстаў становяцца курорты ААЭ. У 2022 годзе краіна ўвайшла ў топ-5 замежных напрамкаў для адпачынку ў беларусаў.

Як заўважылі ў адной з туркампаній, паколькі з кастрычніка там пачынаецца сезон, адпачыць у ААЭ восенню будзе даражэй, чым летам. Турыстам пуцёўка ў Дубай з пражываннем у гарадскім гатэлі з сярэдзіны кастрычніка на 9 начэй абыдзецца каля 2000 даляраў на дваіх на сняданках. Варта ўдакладніць, што да пляжу пры такім варыянце трэба будзе ездзіць.

Калі выбіраць гатэль у Дубаі ў пешай даступнасці ад пляжу, гэта ўжо будзе каштаваць прыкладна 2800 даляраў на дваіх на сняданках. У сярэднім тур на дваіх у Рас-эль-Хайма ў гатэлі катэгорыі 4*, які стаіць на пляжы, абыдзецца ад 3000 даляраў і вышэй.

Што тычыцца Катара, то палётная праграма сюды стартавала ў пачатку сакавіка і выконвалася да лета. З 10 кастрычніка чакаецца аднаўленне палётаў у гэтую краіну.

Адпачыць удваіх у гатэлі 3* на сняданках можна ад 1500 даляраў за дваіх у залежнасці ад гатэля. Адпачынак у чатырохзоркавым гатэлі абыдзецца ўжо даражэй, варта разлічваць на 2 тыс. даляраў і вышэй.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: clevertravel.com.ua

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: clevertravel.com.ua

Турцыя: цэны падняліся, але краіна працягвае карыстацца попытам

Беларусы не першы год выбіраюць Турцыю ў якасці месца для правядзення адпачынку. Краіна не адзін год займае лідарскія пазіцыі ў айчынных турыстаў. Праўда, па словах прадстаўнікоў галіны, цэны на адпачынак у краіне моцна падняліся ў апошнія год-два.

Адпачынак у Турцыі восенню будзе крыху таннейшы, чым летам. Паляцець на тыдзень у Турцыю ў кастрычніку можна за 2500 еўра на дваіх. Але калі хочацца адпачыць у добрай пяцёрцы, прыйдзецца выкласці ад 3000 да 4000 еўра. Гэта цана на дваіх чалавек на «ўсё ўключана» з адпачынкам на 9-10 начэй.

Выбіраем экзотыку: Мальдывы, Тайланд, В'етнам

У сярэдзіне кастрычніка тур на Мальдывы з Мінска абыдзецца на 9 начэй ад 4750 даляраў на дваіх. У турфірмах звярнулі ўвагу на тое, што з вылетам з Масквы адпачынак абыдзецца танней: варта разлічваць ад 4000 даляраў на дваіх на 9 начэй.

Пхукет на 9 начэй з пражываннем у гатэлі 4* на сняданках будзе каштаваць ад 3500 даляраў на дваіх. Гэта будзе вылет з Мінска з перасадкай у Дубаі.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Крыніца: almode.ru

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Крыніца: almode.ru

Адпачынак у В'етнаме ў гатэлі 3* на сняданках абыдзецца ў другой палове кастрычніка на 11 начэй у 2200-2500 даляраў у залежнасці ад абранага гатэля. Гэта цана з вылетам з Масквы з перасадкай у Астане.

Чытайце таксама:

Турцыя прапануе турыстам All inclusive без алкаголю. Колькі каштуюць такія туры з Мінска?

Адну з найбяднейшых краін Еўропы апанаваў самы сапраўдны турыстычны бум

Таннай Турцыі больш не будзе? Што адбываецца з цэнамі на адпачынак?

Ад Турцыі да Мальдываў. Якія самыя дарагія туры купляюць беларусы ў гэтым сезоне?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?