Андрэй Мельнічэнка. Фота: Wikimedia Commons

Андрэй Мельнічэнка. Фота: Wikimedia Commons

«Калі вы прычыняеце шкоду мільёнам людзей, якія не маюць ніякага дачынення да канфлікту, то вы — ваенны злачынец», — заявіў Мельнічэнка, але пры гэтым казаў не пра ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны, а пра ўвядзенне Захадам антырасійскіх эканамічных санкцый.

Менавіта такое бачанне свету прадэманстраваў выданню The Financial Times найбагацейшы расіянін (па версіі часопіса Forbes) і па сумяшчальніцтве ўраджэнец Беларусі Андрэй Мельнічэнка.

На думку бізнэсмена, які параўнаў эканамічныя санкцыі Захаду супраць Расіі з «ядзернай бамбардзіроўкай Хірасімы», вайна ва Украіне яшчэ далёкая ад завяршэння, а пошук тых, хто вінаваты ў яе пачатку, а хто не, не прынясе нічога добрага.

Аднак пасля гэтых слоў Мельнічэнка адразу знайшоў вінаватых.

«Спрабаваць высвятляць, хто вінаваты, а хто не, — вельмі небяспечна. Але жыццё нашмат складанейшае. Уладзімір Зяленскі нясе адказнасць за вайну, таму што яго перадвыбарным абяцаннем было прадухіленне гэтай вайны, але сваім моцным непрафесіяналізмам ён справакаваў мацнейшага і агрэсіўнага суседа на канфлікт», — лічыць расійскі мільярдэр.

Акрамя Зяленскага, на думку бізнэсмена, таксама вінаватыя і прапагандысты, і журналісты, і ўсе тыя, хто з абодвух бакоў канфлікту падзяляе, а не аб'ядноўвае людзей. Сам Мельнічэнка, паводле яго слоў, ніякіх пачуццяў віны і адказнасці за дзеянні Расіі не адчувае.

Пры гэтым ён прызнаў, што Расія здзяйсняе ваенныя злачынствы (першы раз мільярдэр сцвярджальна адказаў на пытанне, ці з'яўляецца ўсё тое, што робіць Расія ва Украіне, злачынствам. Але затым ён патэлефанаваў журналістам The Financial Times, каб удакладніць, што лічыць злачынствамі толькі некаторыя дзеянні Расіі).

«На мой погляд, толькі канкрэтныя напады на грамадзянскія цэлі з боку Расіі можна назваць злачынствам. Але мяне не было там. Наогул ваенныя злачынствы ёсць з абодвух бакоў, гэта натуральна, бо гэта вайна. Прычым усё адно, хто яе пачаў», — адзначыў Мельнічэнка.

Таксама мільярдэр падзяліўся настроем расійскай эліты з-за бунту Прыгожына і ПВК «Вагнер», які адбыўся яшчэ ў чэрвені. Паводле яго слоў, многія тады сур'ёзна асцерагаліся прыходу «смутнага часу» і грамадзянскай вайны. 

Гэтая тэма наштурхнула Мельнічэнку паразважаць аб будучым лідары Расіі.

«Як будзе выглядаць кіраўнік маёй краіны праз пяць гадоў: гэта будзе той, хто абараніў краіну ад паразіта, які доўга рос на яе целе, ці гэта будзе няўдачнік, які з-за сваёй ізаляванасці пачаў прымаць маніякальныя рашэнні? Гэта вырашаць пераможцу. У любым выпадку хаос да таго моманту толькі ўзмацніцца», — разважае Мельнічэнка.

Нагадаем, што Андрэй Мельнічэнка нарадзіўся 8 сакавіка 1972 года ў Гомелі. Вучыцца ён зʼехаў у Маскву, а потым застаўся жыць у Расіі. Сын савецкага фізіка, Мельнічэнка кінуў навучанне, калі ў 1991 годзе распаўся СССР, каб заснаваць сетку пунктаў абмену валюты. Праз два гады ён заснаваў свой банк. Кампаніі Мельнічэнкі, у якіх працуе больш за 100 тысяч чалавек, за апошнія 15 гадоў інвеставалі каля 23 мільярдаў даляраў у вытворчасць угнаенняў і вугалю.

Мельнічэнка трапіў пад санкцыі ЕС і Вялікабрытаніі ў сакавіку 2022 года і ЗША ў жніўні 2022 года. Ён назваў санкцыі «абсурднымі і бессэнсоўнымі» і дагэтуль аспрэчвае іх

У сакавіку мінулага года бізнэсмен назваў вайну ва Украіне трагедыяй і заклікаў спыніць яе.

«Будучы рускім па нацыянальнасці, беларусам па нараджэнні і ўкраінцам па крыві, я адчуваю вялікі боль і замяшанне, калі бачу, як змагаюцца і гінуць брацкія народы», — сказаў тады мільярдэр.

Чытайце таксама:

«Я ў жаху ад таго, што кожны дзень у дамы ўкраінцаў ляцяць бомбы». Заснавальнік «Яндэкса» Аркадзь Волаж адкрыта выступіў супраць вайны ва Украіне

Яшчэ адзін мільярдэр адмовіўся ад расійскага грамадзянства. Ён такі ўжо шосты і быў цесна звязаны з Лукашэнкам

Вялікабрытанія зняла санкцыі з расійскага бізнэсмена Алега Цінькова

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?