Фота: Jerome Delay / AP Photo

Фота: Jerome Delay / AP Photo

Сама меней 73 чалавекі, у тым ліку маленькае дзіця, загінулі і як мінімум 52 пацярпелі ў выніку пажару, які ўспыхнуў у шматпавярховым будынку ў цэнтры Іаганесбурга, піша Бі-бі-сі.

У ноч на чацвер агонь ахапіў будынак у былым бізнэс-квартале горада, у якім апошнім часам неафіцыйна жылі людзі.

Ратавальнікі эвакуявалі з будынка ўсіх, хто мог з яго выйсці, і ў апошнія гадзіны там праводзілася пошукава-выратавальная аперацыя.

Па словах прадстаўніка экстранных службаў Роберта Мулаўдзі, колькасць загінулых павялічвалася па меры таго, як ратавальнікі прасоўваліся па паверхах і расчышчалі завалы.

Пакуль незразумела, што менавіта стала прычынай пажару.

«За 20 гадоў службы я не сутыкаўся ні з чым такім», — сказаў Мулаўдзі ў каментары мясцоваму тэлеканалу Newzroom Afrika.

Пяціпавярховы будынак, які загарэўся, размешчаны ў небяспечным раёне былога бізнэс-квартала Іаганесбурга — найбуйнейшага горада ПАР і яе эканамічнага цэнтра.

У апошні час будынкі ў гэтым раёне выкарыстоўваліся ў якасці жылля. Мясцовыя медыя паведамляюць, што там жывуць пераважна нелегальныя імігранты.

Як патлумачыў Мулаўдзі, многія ахвяры пажару, імаверна, аказаліся заблакаванымі сярод збудаванняў, якія нагадваюць хаціны, што былі ўзведзеныя ў будынку.

«Матэрыял, які загарэўся ўнутры будынка, — гэта, па сутнасці, тое, што вы знойдзеце ў звычайнай хаціне, таму існуе вялікая рызыка застацца там назаўсёды пры спробе выбрацца», — паведаміў пажарны паўднёваафрыканскаму радыё Power 98.7.

Улады заявілі, што пажар у большай частцы дома патушаны, але дым усё яшчэ прасочваецца з пачарнелага будынка ў цэнтры Іаганесбурга.

Гэта ўжо чацвёрты закінуты будынак, які загарэўся ў горадзе за апошнія месяцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
24
Абуральна
3