Варшава. Фота Paweł Toczyski / Getty Images 

Варшава. Фота Paweł Toczyski / Getty Images 

Уладзімір працаваў як QA/QC Engineer у Rozum Robotics («тэсціраваў прадукцыю, большага сказаць не магу — вусны «пасшываныя»), але прыкладна 2,5 месяцы таму звольніўся з кампаніі.

— Я пайшоў таму, што хацеў кіравацца да мары, — піша айцішнік. — Так, магчыма, я быў наіўны, калі звольніўся і паехаў у Польшчу ў пошуку новых магчымасцяў, у нікуды… Гэта значыць, што новага месца працы ў мяне не было на той момант, але я разлічваў, што неўзабаве прайду «цяжкасці асіміляцыі» і ўладкуюся ў якую-небудзь кампанію. «Бо ў мяне такі досвед!»», — думаў я.

Не выйшла, не пракаціла… Пражыў паўтара месяца ў сяброў у Варшаве (абсалютна бясплатна), новая праца так і не з’явілася. Так, былі сумоўі, з адной кампаніяй я прайшоў нават чатыры (!) этапы. На апошнім здаўся і сказаў, што мы відавочна не падыходзім адно аднаму. Гэта было перад тым, як я з’ехаў назад у Мінск, каб не псаваць адносіны з сябрамі, у якіх я жыў.

Не ведаю, ці слушнае гэта было рашэнне ў той момант, але галоўнымі аргументамі былі:

  • Калі не магу знайсці тут працу, здымаць цяпер жыллё будзе няправільна і дорага, бо ў Мінску я магу жыць у сябе дома (не плацячы арэнды), а працу шукаць дыстанцыйна.
  • Пара перастаць напружваць сяброў сваёй прысутнасцю, хоць яны вельмі добрыя да мяне і казалі: «Заставайся, ты рана здаешся».

Лагічна, праўда? Вось я і сабраў «манаткі» і паехаў назад у Мінск.

Выявілася, што тут сітуацыя сумная х10. Няма ні працы, ні сумоўяў, нічога… Што рабіць? Дагэтуль не ведаю. Але самым «крутым» было атрыманне сёння так званай «жыроўкі».

У жыроўцы сказана: «Зроблена паводле тарыфу, які забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на яе аказанне». Прыгожа, праўда? 2 месяцы і 14 дзён не працуеш, і ўсё, ты ўжо «дармаед».

У размове з намі Уладзімір дадаў, што патэлефанаваў на даведачны нумар, пазначаны ў «жыроўцы». Там яму адказалі, што ўсё выстаўлена правільна. Згодна з пастановай Савета міністраў, ФСАН сумесна з Памежным камітэтам фармуюць спісы «дармаедаў», якія затым перадаюць у РДЦ. І пасля гэтага ўжо фармуецца рахунак за камунальныя паслугі.

У каментарах айцішніку даюць розныя парады — як наконт зняцця «дармаедства», так і наконт пошуку працы. Напрыклад, каментатары раяць:

  • здаць кватэру/пакой. (Да дармаедаў не адносяцца, у прыватнасці, «грамадзяне, якія атрымліваюць даходы ад здачы ў наём жылых і нежылых памяшканняў, машына-месцаў, — пры ўмове выплаты падаходнага падатку фізічных асоб з такога даходу». — Заўв.) 
  • Альбо аформіць рамесніцтва.
  • Альбо стаць на ўлік як беспрацоўны, затым аформіць у адміністрацыі раёна (а дакладней, у камісіі па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва) заяву аб цяжкай жыццёвай сітуацыі, і «пасля гэтага дармаедства месяцы на тры здымуць». 

Што тычыцца працы, то адны пішуць, што» ліпень—жнівень наогул мёртвы сезон», і «невялікі рух пачынаецца чысла з 20 жніўня».

А іншыя — што пошукі могуць расцягнуцца прыкладна на год. «Я таксама так звольнілася, 9 месяцаў не магла знайсці працу», — напісала каментатарка.

— Ці шкадую я пра тое, што паступіў настолькі безразважна, звольніўшыся са старой працы, не знайшоўшы новай? Наўрад ці. Вядома, гэта мяне зачапіла, бо я ніколі не трапляў у такую сітуацыю. Але адмоўны досвед — таксама досвед, — лічыць Уладзімір.

Паводле ягоных слоў, ён рассылае рэзюмэ з 2 чэрвеня, і пакуль «вынік нулявы». Так што цяпер айцішнік шукае любую працу — не толькі ў якасці QA, але яшчэ і майстра па рамонце тэлефонаў, камп’ютараў і да т. п. (так як «быў досвед працы ў СЦ»), і нават выкладчыка ІТ-курсаў. Калі ў вас ёсць вакансія на прымеце, пішыце Уладзіміру ў LinkedIn

Чытайце таксама:

«Тут IT не панацэя». Беларус расказаў, як яно — вучыцца ў Нарвегіі

«Гэта яе штодзённая праца». Айцішнік плаціць сваёй жонцы штомесячны заробак

«Хочацца ўсіх абняць і разам паплакаць». Невясёлая гісторыя беларускага айцішніка-сеньёра ў Польшчы, якому ледзь хапае грошай да заробку

Клас
0
Панылы сорам
20
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
3