Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак

33-гадовая Вольга (імя суразмоўцы зменена ў мэтах бяспекі) працавала бухгалтаркай аднаго з аддзяленняў Беларускай чыгункі сем гадоў, шэсць з якіх правяла ў дэкрэце. Нядаўна яна звольнілася з дзяржпрадпрыемства і з'ехала ў Літву следам за мужам — на яго ў Беларусі заведзеная крымінальная справа за ўдзел у пратэстах.

У 2021 годзе, яшчэ да таго, як у кватэры сям'і з'явіліся сілавікі і правялі ператрус, мужчына адправіўся ў Літву на працу. Праз нейкі час Вольга з дзецьмі вырашылі пераехаць да яго.

«Пачалася вайна, і ўсё зацягнулася. Літва перастала выдаваць візы беларусам, і нам з дзецьмі давялося зрабіць польскія, — тлумачыць суразмоўца. — Толькі тады ў нас атрымалася прыехаць да мужа. Ён жыве ў Літве па працоўным дазволе на жыхарства.

Я пасля пераезду знайшла працу, мы ўжо пачалі тут уладкоўвацца, дзеці пайшлі ў садок. У красавіку падалася на ДНЖ, але ў чэрвені па электроннай пошце атрымала адмову, разам з ёй — забарону на ўезд у ЕС на пяць гадоў».

Сярод прычын адмовы ў дакументах быў пазначаны факт працы на БЧ. Жанчыну гэта здзівіла, бо супрацоўніцай яна была задоўга да падзей 2020 года. Хоць пры гэтым удакладняе: пашыраных звестак аб тым, што амаль увесь свой стаж на прадпрыемстве была ў дэкрэце, яна не падавала, а ў Дэпартаменце міграцыі дэталяў не ўдакладнялі.

«Яны аргументавалі гэта тым, што я працавала на дзяржпрадпрыемстве, дзе праводзіцца пэўная ідэалагічная праца і органы кантралююць, каб супрацоўнікі былі лаяльныя ўладзе. На іх думку, я магу быць завербаваная спецслужбамі Беларусі, — тлумачыць жанчына. —

Я працавала задоўга да выбараў і ўсіх гэтых падзей. Не ведаю, як цяпер, але ў 2016 годзе такіх праблем, ніякіх ідэалагічных тэм там не было. Да таго ж я бухгалтар. Гэта звычайная праца на любым прадпрыемстве, ніякага доступу да сакрэтнай інфармацыі, нейкіх спраў у мяне не было. Не разумею, чаму на мой ДНЖ прыйшло такое рашэнне».

Вольга не ведае, чым абернецца гэтая адмова для яе сям'і. Пакуль жанчына падала апеляцыю. Калі ў судзе рашэння не адклічуць, плануе звяртацца ў іншыя інстанцыі. Вяртацца ў Беларусь з дзецьмі яна не хоча, а мужу ехаць на радзіму небяспечна праз крымінальны пераслед.

«У старэйшай дачкі таксама яшчэ разглядаецца дазвол на жыхарства, яна павінна ісці сёлета ў школу. Рашэнне па маёй апеляцыі мы яшчэ чакаем і проста не ведаем, што нам рабіць, — кажа беларуска. — Муж не можа выехаць, адпаведна і я не магу, хоць крымінальны пераслед вядзецца толькі ў дачыненні да яго.

Але нават калі мне вяртацца, у нас двое дзяцей — што мы павінны з імі рабіць? Хтосьці з нас павінен на нейкую колькасць гадоў пазбавіцца магчымасці з імі бачыцца? Гэта ўвяло нашу сям'ю ў цяжкае становішча.

Складаная сітуацыя, мы моцна перажываем, не разумеем, як нам дзейнічаць далей. Спадзяемся, што ўсё будзе добра і мы зможам спакойна планаваць будучыню».

Раней з'яўляліся паведамленні, што некаторым беларусам анулююць нават ужо выдадзеныя ДНЖ, калі яны сваёй ранейшай біяграфіяй былі звязаныя са службай па кантракце ў беларускім войску.

Чытайце таксама:

«Мабыць, памяняліся абставіны, і анкеты сталі пераглядаць». З'явіліся новыя падрабязнасці пра ануляванне літоўскіх ДНЖ за сувязі з войскам

Некалькім супрацоўнікам Wargaming у Літве нечакана анулявалі ДНЖ. Яны раней служылі ў войску па кантракце

З пачатку вайны ва Украіне Літва анулявала 2905 дазволаў на жыхарства беларусам і расіянам

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?