Салдат ганаровай варты падчас паніхіды па загінуўшых у антыкамуністычным паўстанні 1989 г. на Універсітэцкай плошчы ў Бухарэсце Солдат почетного караула во время панихиды по погибшим во время антикоммунистического восстания 1989 года на Университетской площади в Бухаресте A honor guard soldier during a memorial religious service for those killed in the 1989 anti-communist uprising in University Square

Жанчына-салдат ганаровай варты падчас паніхіды па загінулых у антыдыктатарскім паўстанні 1989 года на Універсітэцкай плошчы ў Бухарэсце, Румынія, серада, 21 снежня 2022 г. Фота: AP Photo / Andreea Alexandru

Як заўважае румынскі журналіст Адрыян Міхалцяну (Adrian Mihaltianu), у адрозненне ад Польшчы, якая надае перавагу мотапяхоце і цяжкай тэхніцы, Румынія першасна сканцэнтравалася на ўзмацненні супрацьракетнай абароны і дальнабойнай артылерыі.

Факшанскія вароты

Журналіст адзначае, што яшчэ чатыры гады таму вайсковыя эксперты Цэнтра даследаванняў еўрапейскай палітыкі (CEPA) ацэньвалі, што абарона Румыніі рухне за адзін дзень у выпадку нападу Расіі. У краіне не існавала аўтамабільнай і чыгуначнай інфраструктуры, прыдатнай для хуткага перакідання войскаў, а вайсковая тэхніка была занадта састарэлая, каб пратрымацца, пакуль падыдзе дапамога НАТА.

Сімуляцыя разгортвання магчымага канфлікту паказвала, што агрэсар быў бы здольны ўзяць пад кантроль стратэгічны калідор, вядомы як Факшанскія вароты — раўнінную тэрыторыю шырынёй 60 кіламетраў і даўжынёй 85 кіламетраў, што дае выхад да Бухарэста і на паўднёвыя Балканы, адсякаючы асноўныя сілы НАТА, што рухаліся б з Захаду.

Карэспандэнт адзначае, што Румынія таксама была няздольная кантраляваць сваю эканамічную зону ў Чорным моры, бо яе вайскова-марскі флот быў моцна састарэлы.

Сітуацыя пачала мяняцца, хоць і павольна ды з вялікімі ваганнямі. Сёлета рэалізацыя румынскай праграмы развіцця інфраструктуры павінна забяспечыць хуткае перамяшчэнне як тавараў, так і вайсковай тэхнікі праз Карпаты ў рамках Via Carpatia — дарогі, якая злучае паўночна-ўсходні фланг НАТА з паўднёва-ўсходнім.

Адначасова Бухарэст пачаў уласныя вайсковыя закупкі. Аднак, адзначае аўтар артыкула, яшчэ трэба будзе запоўніць вялізныя прабелы, перш чым Бухарэст зможа гарантаваць бяспеку сваю і натаўскага флангу.

Пытанне бюджэту

Апошнія сем гадоў Бухарэст выдзяляў 2% ВУП на абарону. А ў 2023 годзе гэтая лічба вырасла да 2,5%. За 2017—2022 гады на закупку вайсковай тэхнікі было накіравана каля 8,6 млрд еўра (больш за 28 мільярдаў беларускіх рублёў). Прычым за адзін 2023 год гэтая сума склала 3,1 мільярда еўра, што складае ажно 40% ад агульнага абароннага бюджэту.

Плануецца, што да 2035 года на новую зброю будзе выдаткавана каля 40 мільярдаў еўра. Гэта хоць і значна менш за 4% ВУП і 118 мільярдаў еўра, якія Польшча плануе выдаткоўваць да таго ж года, аднак усё адно дазволіць радыкальна змяніць аснашчэнне румынскай арміі.

Аўтар называе тры кірункі, у якіх Румынія дасягнула прагрэсу за апошнія чатыры гады.

Па-першае, краіна прыцягнула амерыканскія інвестыцыі ў сістэму Aegis Ashore у Дэвеселу, якая ўжо функцыянуе і здольная, сярод іншага, перахопліваць ракеты сярэдняй дальнасці, а таксама міжкантынентальныя балістычныя ракеты. Акрамя гэтага, на авіябазе Mihail Kogălniceanu ў Дабруджы, недалёка ад Чорнага мора, было размешчана 4000 амерыканскіх вайскоўцаў.

Па-другое, адбылася інтэграцыя сілаў Румыніі ў сумесныя абарончыя структуры НАТА. Летась у Румыніі былі дыслакаваныя італьянскія і іспанскія знішчальныя падраздзяленні, якія разам з румынскімі ВПС выконвалі місію Air Policing, накіраваную на забеспячэнне бяспекі паветранай прасторы краін — членаў НАТА.

Больш за 600 французскіх, а таксама 200 нідэрландскіх і 200 бельгійскіх салдат былі размешчаныя на базе Цынку (Cincu), у цэнтры краіны. А шматнацыянальны паўднёва-ўсходні корпус НАТА размясціўся ў Сыбіу (Sybiu). Усяго ў Румыніі дзевяць баз НАТА.

Салдаты з Бельгіі і Люксембурга адправяцца ў Румынію Солдаты из Бельгии и Люксембурга отправятся в Румынию Soldiers from Belgium and Luxembourg will travel to Romania

Салдаты з Бельгіі і Люксембурга рыхтуюцца да пасадкі ў вайскова-транспартны самалёт у вайсковым аэрапорце Мелсбрук у Бельгіі 4 ліпеня 2023 г. Яны накіроўваюцца ў Румынію ў складзе «Перадавых сухапутных сіл» для забеспячэння бяспекі межаў НАТА ў складзе баявой групы пад кіраўніцтвам Францыі. Фота: AP Photo / Virginia Mayo

Па-трэцяе, Румынія распачала вайсковую інвестыцыйную праграму.

Самалёты і «Хаймарсы»

Румынія ў 2023 годзе замяніла каля 30 старых МіГ-21 на 17 F-16 Fighting Falcon. Яшчэ 32 F-16 паступяць з Нарвегіі. Краіна таксама створыць рэгіянальны навучальны цэнтр для лётчыкаў НАТА і ўкраінскіх лётчыкаў.

F-16 Falcons

Самалёты F-16 Falcons. Фота: Getty Image

Акрамя гэтага, Румынія набыла 186 ракет класа «паветра-паветра» AIM-120 AMRAAM з магчымасцю BVR (Beyond Visual Range) і 299 ракет малой дальнасці AIM-9X Sidewinder. Дзякуючы гэтаму яе авіяпарк будзе мець дастаткова боепрыпасаў для некалькіх дзён патэнцыйнага бою да часу прыбыцця дапамогі ад партнёраў па НАТА.

Журналіст згадвае, што ў красавіку гэтага года ўрад Румыніі таксама зацвердзіў план закупак знішчальнікаў F-35 Lightning II для ВПС краіны. Аднак дакладная колькасць самалётаў і агульны бюджэт гэтай новай здзелкі публічна не раскрываюцца. Не варта чакаць, што яны будуць гатовыя да дзеяння раней за 2030 год.

На цяпер Румынія мае чатыры ўласныя батарэі Patriot, а таксама 56 ракет-перахопнікаў PAC-2 GEM-T і 168 PAC-3 MSE. Яшчэ тры сістэмы будуць пастаўленыя ў найбліжэйшыя гады. Patriot-ы, нагадаем, выдатна сябе зарэкамендавалі ва Украіне.

Румынія таксама хоча атрымаць на ўзбраенне 41 ракетную сістэму малой і вельмі малой дальнасці (SHORAD-VSHORAD) коштам 4,2 мільярда еўра. Першыя 12 з іх павінны быць пастаўленыя да 2030 года. Такога роду сістэмы служаць, у тым ліку, для абароны ад беспілотнікаў.

Таксама, згадвае аўтар, будуць устаноўленыя дзве сістэмы берагавой абароны з чатырма мабільнымі пускавымі ўстаноўкамі. Сістэма мае радыус дзеяння больш за 200 км, што дазволіць Румыніі абараніць сваё чарнаморскае ўзбярэжжа пачынаючы з 2028 года.

Журналіст піша, што Румынія ў рамках кантракта на 1,5 мільярда долараў плануе закупку 54 батарэй HIMARS і 81 кіраваную рэактыўную сістэму залпавага агню (GMLRS). Ужо атрымана 18 сістэм — гэта амаль столькі ж, колькі было пастаўлена ва Украіну да пачатку гэтага лета.

A M142 HIMARS

M142 запускае ракету GMLRS з ракетнага палігона Уайт-Сэндс у студзені 2005 г. Фота: Wikimedia Commons

Кантракт таксама ўключае 54 армейскія тактычныя ракетныя сістэмы (ATACMS) і 24 удасканаленыя тактычныя сістэмы палявой артылерыі (AFATDS), якія зʼяўляюцца сістэмай кіравання агнём для HIMARS.

Увесь пакет дае Румыніі магчымасць паражаць цэлі на адлегласці да 300 км з дапамогай высокамабільных батарэй, якія можна лёгка перамяшчаць у горнай мясцовасці краіны.

Такім чынам, заўважае аўтар, упершыню ў гісторыі Румынія мае магчымасць абараняць свае Факшанскія вароты здалёк пры дапамозе артылерыі. Батарэі HIMARS у Дабруджы здольныя нават паражаць цэлі на заходнім узбярэжжы Крыма, прынамсі, тэарэтычна.

Развіваючы базу абароны сярэдняй далёкасці, Румынія пачала інвеставаць у мабільнасць сваіх сухапутных войскаў. Чакаецца, што да 2030 года ў краіне будзе 377 баявых машын пяхоты Piranha 5. Пакуль пастаўлена толькі 100. Акрамя гэтага, рыхтуецца яшчэ адзін кантракт на 3 мільярды долараў на закупку 246 БМП. Пакуль не вядома, што за машыны гэта будуць (ASCOD, Redback ці Lynx).

Piranha 5

Piranha 5. Фота: Wikimedia Commons

Аўтар артыкула піша, што самая складаная інвестыцыя для румынскіх сухапутных сіл — выбар асноўнага баявога танка. Цяпер краіна мае на ўзбраенні толькі 54 танкі TR-85M1 — румынскай версіі савецкага танка T-55 узору 1990 года. У яе таксама каля 220 састарэлых танкаў TR-85, гатовых да выкарыстання ў якасці трэніровачных мішэняў, а не для ўнясення істотнага ўкладу на полі бою. Гэта адна з прычын таго, чаму Румынія не накіравала ніводнага з іх ва Украіну.

У маі 2023 года краіна абвясціла аб закупцы 54 танкаў Abrams M1A2. Гэта невялікая колькасць, але яна павінна быць толькі першым этапам больш працяглай праграмы.

Як адзначае журналіст, Бухарэст не спяшаецца купляць больш танкаў, пакуль яму не ўдасца інтэграваць першую партыю ў паслядоўную стратэгію абароны, якая таксама ўключае ў сябе ўдарныя верталёты, магчымасці супрацьпаветранай абароны малой дальнасці, мадэрнізаваную пяхоту і асабліва сучасныя магчымасці сувязі і кіравання.

Румынія таксама хоча закупіць 54 самаходныя 155-мм гаўбіцы агульным коштам 2 мільярды долараў. Гэта, хутчэй за ўсё, будуць паўднёвакарэйскія K9 Thunder.

Прычым, як і ў выпадку з бранятэхнікай, румыны дамовіліся, што іх вытворчасць будзе адбывацца ў Румыніі.

K-9 Thunder

K-9 Thunder. Фота: Wikimedia Commons

Нарэшце, адзначае аўтар, краіна пачала інвеставаць у сваю праграму беспілотных лятальных апаратаў. У снежні 2022 года быў падпісаны кантракт на 21 беспілотнік Watchkeeper X на суму 380 мільёнаў еўра. Беспілотнікі таксама будуць збірацца ў самой Румыніі.

Нарэшце, у красавіку 2023 года Бухарэст абвясціў аб закупцы 18 беспілотнікаў Bayraktar за 290 мільёнаў еўра.

Апора бяспекі

Аўтар заўважае, што ў Румыніі ўсё яшчэ далёка не магутная армія.

Больш за ўсё адкладаецца мадэрнізацыя марскіх сілаў Румыніі. Краіна ўсё яшчэ чакае чатыры шматмэтавыя карветы класа Gowind 2500, якія будуюцца ў Францыі. Нават па самым лепшым сцэнарыі яны змогуць быць уведзеныя ў эксплуатацыю толькі ў 2028 годзе.

Іншыя закупкі для ваенна-марскога флоту яшчэ не зробленыя. Краіна хоча атрымаць дзве падводныя лодкі класа Scorpene за каласальныя 2 мільярды еўра, і два супрацькарабельныя верталёты Airbus H215M на агульную суму 150 мільёнаў еўра.

Разам з імі Румынія абвясціла аб кантракце на суму 150 мільёнаў еўра на два караблі класа Sandown (cупрацьмінныя), і кантракце на інтэграцыю сістэмы Naval Strike Missile (NSM) на суму 375 мільёнаў еўра, якая ўключае дзве пускавыя ўстаноўкі з чатырма ракетамі на кожны карабель, у суме 48 ракет NSM, укараненне сістэмы баявога кіравання і стварэнне радыёлакацыйнай сістэмы назірання 3D.

HMS Bangor (M109), тып Sandown HMS Bangor (M109), типа Sandown HMS Bangor (M109), Sandown type

HMS Bangor (M109), тып Sandown. Фота: Wikimedia Commons

Каардынацыя намаганняў Румыніі з такімі партнёрамі, як Польшча, прывядзе да стварэння інтэграванай лініі абароны ўздоўж усходніх межаў НАТА.

Чытайце яшчэ:

Румынія — гэта не толькі Чаўшэску, вампіры і Карпаты. Падарожжа ў Румынію — гэта яшчэ і напамін беларусам пра страчаныя магчымасці 

Літва выдаткуе рэкордныя для краіны грошы на масавую закупку танкаў

Польшча ўмацуе граніцу з Расіяй «Хаймарсамі»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?